У Віцебску адкрыліся трамвайныя экскурсіі (фота)

Ініцыятарам выступіла Віцебскае трамвайна-тралейбуснае ўпраўленне (ВТТУ). Першыя экскурсійныя туры з удзелам гісторыкаў, краязнаўцаў, педагогаў, журналістаў і працаўнікоў ВТТУ адбыліся 28 сакавіка. Экскурсаводка абласнога краязнаўчага музея падчас паездкі расказала пасажырам пра славутасці Віцебска, малавядомыя факты гісторыі горада, асаблівасці архітэктуры.
Паводле начальніка ВТТУ Васіля Паўлючкова, ідэю падказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Касінец: "Для тураў выдзеленыя новыя трамвай і тралейбус — гэта транспарт еўраўзроўню. Плануецца, што з часам салоны ў іх будуць абсталяваныя так, што экскурсанты змогуць замовіць гарбату, каву, безалкагольныя напоі".

Адміністрацыя запрашае тэлефанаваць на прадпрыемства і выказваць прапановы. Мяркуецца, што "цымусам" віцебскага праекта стане менавіта трамвай, паколькі Віцебск — першы ў Беларусі "трамвайны" горад.

Начальніку ўпраўлення экскурсія спадабалася. "Я спазнаў горад зусім з іншага боку", — сказаў ён.

У найбліжэйшы час новую паслугу ВТТУ змогуць скарыстаць усе ахвотныя.

БелаПАН

Здымкі Ядвігі Сташэўскай






Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі