У Варшаве прэзентавалі "Заходнебеларускую Атлантыду” (фота)

Трэцяга лютага ў Беларускім Доме ў Варшаве была прэзентаваная кніга гісторыка Ігара Мельнікава “Заходнебеларуская Атлантыда. 1921-1941 гг.”

Кніга прысвячаецца гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. У яе ўвайшлі артыкулы, раней надрукаваныя ў газеце “Новы час”, а таксама на сайце “Гістарычная праўда”. Праца над кнігай доўжылася амаль пяць гадоў. Гісторык збіраў інфармацыю ў архівах Масквы, Мінска ды Варшавы. Вялікую частку матэрыялаў складаюць уласныя знаходкі аўтара — фотаздымкі, дакументы, расповеды сведкаў. Першы наклад кнігі склаў толькі 200 асобнікаў, і яны амаль раскупленыя.

Са старонак кнігі перад чытачамі паўстае постаць беларуса — жыхара Другой Рэчы Паспалітай: ён займаецца кантрабандай, служыць у польскім войску, апранаецца па заходняй модзе, выязджае на працу за мяжу. Вялікая частка кнігі прысвечана падзеям верасня 1939 года. Гісторык падкрэслівае, што каля 70 тысяч беларусаў разам з палякамі першымі ў верасні 1939 года далі адпор нямецкай агрэссіі.

Малавядомым фактам, на які звяртае ўвагу Мельнікаў, з'яўляецца тое, што фактычнае аб'яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі адбылося толькі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. А ў 1939-1941 гадах працягвала дзейнічаць старая мяжа, і варту на ёй неслі савецкія памежнікі. Гэтай тэме гісторык плануе прысвяціць асобную кнігу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі