Вы тут

У Варшаве 6-метровага тыгровага пітона шукаюць дронам (фота)

Фота: pixabay.com

Ужо тыдзень каля Варшавы (Атвоцкі павет) працягваюцца пошукі тыгровага пітона, які невядома якім чынам апынуўся ў Вісле.

Фота: wiadomosci.radiozet.pl. Так выглядае лінька пітона, якую выявілі 7 ліпеня над ракой.

Крызісная група, у склад якой уваходзяць паліцыянты, пажарныя, прадстаўнікі фондаў выратавання жывёл і эксперты са сталічнага заапарка, спрабуе знайсці пітона ад 7 ліпеня. У пашуковай аперацыі вырашана выкарыстоўваць дрон.

"Было прынятае рашэнне, каб кантраляваць раён, дзе былі выяўленныя сляды пітона, з дапамогай дрона. Цяпер нам трэба прыцягнуць чалавека, які мае абсталяванне і ўмее яго абслугоўваць”,заявіла сёння Агнешка Піндельска-Літка, кіраўніца ўпраўлення па пытаннях бяспекі.

След пітона на пяску ў Варшаве каля ракі. Фота: wiadomosci.radiozet.pl.

Над ракой Вісла ў раёне вёскі Гасы, дзе, верагодна, прытаіўся пітон, цяпер ідэальныя ўмовы для экзатычных змеяў.

“У цяперашні час душна, вільготна, у апошнія дні было спякотна. Харчавання, верагодна, таксама дастаткова”, — дадае Агнешка Піндельска-Літка.

Знойдзена шмат слядоў змяі, якія вядуць з вады. Вядома, што пітон паспеў з’есці сабаку, а таксама польскі рыбак бачыў, як змяя напала на бабра.

Фота: Мапа, дзе былі знойдзены сляды тыгровага пітона.

Пітоны добра плаваюць і могуць падоўгу знаходзіцца ў вадзе, нядрэнна лазяць па дрэвах і небяспечныя не толькі для жывёлаў, але і для людзей.

Табліцы з перасцярогай на рацэ Вісла, у раёне, дзе знайшлі ліньку і сляды пітона. Фота: http://i.iplsc.com.

Супрацоўнік фонду Animal Rescue Давід Фабіяньскі паведаміў, што паводле папярэдняй інфармацыі пітон з'яўляецца самкай. Яго (а дакладней, яе) назвалі Бальбінай.

Да гэтага часу застаецца незразумелым, адкуль Бальбіна трапіла ў Віслу. Цяпер паліцыя правярае ўсіх заводчыкаў змеяў з раёна, дзе праводзіцца спецаперацыя.