У Ванкувер беларускія спартсмены паедуць “чыстымі”

Амаль скончаны допінг-кантроль беларускіх атлетаў, якія будуць удзельнічаць у зімовай Алімпіядзе ў Ванкуверы. Засталося ўзяць пробы яшчэ ў чатырох чалавек. Паводле слоў дырэктара Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Аляксандра Ванхадлы, пакуль парушэнняў не выявілі.

Усе спартсмены, якія будуць удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях, павінны прайсці тэст на допінг перад ад’ездам, расказаў Еўрарадыё Аляксандр Ванхадла. Пасля праверкі ў Нацыянальным антыдопінгавым агенцтве спартсмена ўсё адно чакае праверка ў сусветным агенцтве. Але трэба быць упэўненым, што з краіны спартсмены выязджаюць “чыстымі”.

Ванхадла:
“Гэта робіцца дзеля сябе. І ў першую чаргу дзеля таго, каб папярэдзіць ужыванне забароненых рэчаў спартсменамі тут, напярэдадні спаборніцтваў, таму што гэта не раптоўны кантроль, а планавы — усе яны ідуць паводле графіку”.

Тэсты на допінг — задавальненне не таннае, кажа дырэктар НАДА (Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва). Адна проба каштуе каля 300 долараў, але для саміх спартсменаў гэтая працэдура, безумоўна, бясплатная:

“Гэта ўсё ідзе за кошт дзяржаўнага бюджэту. Кошты бываюць розныя, гледзячы на тое, якія гэта тэсты і ў якую лабараторыю яны адпраўляюцца. Адна проба ў акрэдытаванай лабараторыі ў сярэднім каштуе каля 300 долараў. Гэта тэст адразу на розныя рэчывы, якія часта ўжываюцца ў спорце”.

Нашы допінг-пробы такія ж самыя, як і за мяжой, — усё робіцца паводле адзінага міжнароднага стандарту, які зацверджаны Міжнародным алімпійскім камітэтам. Але нашая нацыянальная лабараторыя пакуль не мае міжнароднай акрэдытацыі, таму пробы даводзіцца высылаць у Маскву.

Еўрарадыё: Магчыма, да нас у Беларусь прыязджаюць і замежныя спартсмены, каб зрабіць тэсты на допінг? Можа быць, у нас гэта робіцца больш танна?

Ванхадла: “Рэч у тым, што на сёння наша нацыянальная лабараторыя не мае міжнароднай акрэдытацыі. Юрыдычна лабараторыя не мае права браць аналізы ў спартсменаў міжнароднага ўзроўню. Пробы спартсменаў, якія выязджаюць з краіны, ці, наадварот, тых, хто прыязджае да нас, мы адпраўляем у Маскву, бо там акрэдытаваная лабараторыя. Таму няма сэнсу для спартсменаў прыязджаць з-за мяжы і браць пробы тут, таму што ўсё адно яны пойдуць за мяжу”.

Беларуская лабараторыя мае юрыдычны статус толькі ўнутры краіны. Таму пакуль тут тэстуюць спартсменаў нацыянальнага ўзроўню — юнакоў і юніёраў. Згодна са словамі спадара Ванхадлы, каб атрымаць юрыдычны статус,  у наступным годзе наша лабараторыя падасць дакументы на акрэдытацыю:

“Гэта вельмі складаная працэдура, лабараторыя ў 2011 годзе будзе падаваць дакументы на міжнародную акрэдытацыю. У год акрэдытуецца 1-2 лабараторыі ў свеце, таму гэта складаны працэс. Але яны да яго рыхтуюцца. Будзем спадзявацца, што ў наступным годзе яны пададуць дакументы на акрэдытацыю”.

Дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва дадаў, што калі ў кагосьці выявяць парушэнні, то ён на Алімпіяду не паедзе, нягледзячы на мінулыя заслугі:

“Калі лабараторыя выяўляе станоўчы аналіз, яна адразу паведамляе ў міжнародную федэрацыю гэтага віду спорту — і спартсмен адразу ж адхіляецца ад трэніровак і ад удзелу ў спаборніцтвах. Пасля пэўны час адбываецца расследаванне, і ў выніку гэтага расследавання выносяцца санкцыі — паўгода дыскваліфікацыі, два гады ці год, у залежнасці ад цяжкасці парушэння, якое зрабіў спартсмен”.

Паводле слоў спадара Ванхадлы, з 1993 года былі дыскваліфікаваныя 63 беларускія спартсмены. А за 4 гады свайго існавання агенцтва адхіліла ад спаборніцтваў 21 чалавека, прычым як унутры краіны, так і за мяжой.

Нагадаем, зімовая Алімпіяда пройдзе ў Ванкуверы з 12 па 28 лютага. На Гульні плануюць адправіцца 48 беларускіх спартсменаў у 6-ці відах спорту — хакеі, біятлоне, лыжных гонках, гарналыжным і канькабежным спорце і фрыстайле.