У турэцкім Стамбуле адбыўся двайны тэракт: загінула сама меней 29 чалавек
![У турэцкім Стамбуле адбыўся двайны тэракт: загінула сама меней 29 чалавек](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/stam_1.jpg.webp?itok=_rzPX6XY)
Сама меней 29 чалавек, у тым ліку 27 паліцыянтаў, загінулі ў выніку двух выбухаў у Стамбуле. Выбухі адбыліся каля футбольнага стадыёна Vodafone Arena. Яшчэ 166 чалавек атрымалі раненні. Міністр унутраных справаў Турцыі Сулейман Сайлу паведаміў, што мэтай нападу былі праваахоўнікі. Паводле яго словаў, 10 падазраваных у арганізацыі выбухаў ужо затрыманыя.
Напярэдадні ўвечары побач са стадыёнам узарвалася машына, начыненая выбухоўкай. Бомбу ўзарвалі дыстанцыйна. Інцыдэнт адбыўся праз дзве гадзіны пасля завяршэння матчу каманды “Бешыкташ” з “Бурсаспорам” у тым самым месцы, дзе са стадыёна выходзілі фанаты “Бурсаспора”. Другі выбух прагрымеў у бліжэйшым парку, яго ажыццявіў смяротнік.
Ніводная групоўка пакуль не ўзяла на сябе адказнасць за напад, аднак папярэднія тэрарыстычныя атакі ў Турцыі ажыццяўлялі курдскія баевікі і групоўка “Ісламская дзяржава”.
МУС Турцыі падазрае ў арганізацыі гэтых тэрактаў менавіта курдскія групоўкі, якія раней нападалі на службы бяспекі, перадае ВВС.