У Турцыі затрымалі яшчэ аднаго магчымага арганізатара парыжскіх тэрактаў

У Турцыі затрыманы падазраваны па справе аб парыжскіх тэрактах. Пра гэта ў суботу, 21 лістапада, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на прадстаўніка турэцкіх уладаў.

Паводле інфармацыі агенцтва, гэта падданы Бэльгіі мараканскага паходжання Ахмет Дахмані. Ён быў схоплены ў пяцізоркавым гатэлі ў Антальі, дзе гасцяваў з 16 лістапада.

26-гадовы Дахмані падазраецца ў тым, што ён вывучаў аб’екты для тэрактаў у Парыжы, у выніку якіх 13 лістапада загінулі 129 чалавек і яшчэ 350 былі параненыя.

Таксама турэцкія ўлады затрымалі на размешчанай непадалёк аўтамагістралі двух грамадзян Сірыі. Іх падазраюць у тым, што яны былі пасланыя джыхадысцкай групоўкай “Ісламская дзяржава”, каб дапамагчы Дахмані перасекчы мяжу.

Гэтыя двое — 29-гадовы Ахмад Тахір і 23-гадовы Мухамед Верды — меркавана накіроўваліся на сустрэчу з Дахмані ў Анталью. Паведамляецца таксама, што Турцыя дэпартавала групу мараканцаў, затрыманых на гэтым тыдні ў стамбульскім міжнародным аэрапорце па падазрэнні ў сувязях з ІД.

Фота: REUTERS