У Свіслацкім раёне шукаюць 12-гадовага хлопчыка, які заблукаў у лесе
У Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці шукаюць 12-гадовага хлопчыка, які заблукаў у лесе. Здарэнне адбылося каля вёскі Новы Двор. Увечары 17 верасня падлетак катаўся на ровары, паехаў у бок лесу. Калі ён не вярнуўся дахаты, пачаліся пошукі. Міліцыянеры знайшлі ў лесе ровар хлопчыка. Пошукі працягваюцца, інфармуе БЕЛТА.
Па звестках прэс-службы МНС, за выхадныя ратавальнікі 17 разоў выязджалі на пошук грыбнікоў, якія заблукалі ў лесе. У суботу было 7 такіх выпадкаў: 5 — у Віцебскай вобласці, 2 — у Мінскай. У Нясвіжскім раёне шукалі двух жанчын і 14-гадовага хлопчыка, іх знайшлі.
У нядзелю з 10 выпадкаў 6 адбыліся ў Мінскай вобласці. У Дзяржынскім раёне шукалі школьнікаў ва ўзросце 12 і 13 гадоў, якія пайшлі ў лес разам з дарослымі і заблукалі там. Падчас пошуку выкарыстоўваліся цеплавізары. Раніцай у панядзелак іх знайшлі, меддапамога падлеткам не спатрэбілася.
Акрамя згаданага падлетка ў Свіслацкім раёне, працягваецца пошук 60-гадовага мужчыны, які заблукаў у лесе каля Браслава.