Вы тут

У свеце неспакойна: Дэлі задыхаецца, мігрантаў пазбавілі лодак, Маск выратуе лес

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У аглядзе сусветных навін за мінулыя суткі мы прыпаслі для вас парачку крызісаў: міграцыйны і экалагічны. І адну крымінальную гісторыю.
 

У Дэлі няма чым дыхаць

У Дэлі закрылі школы. Не, не праз каранавірус: горад ахуталі шчыльныя аблокі смогу.

Прычыны — аўтамабільныя і прамысловыя выкіды, якія ў спалучэнні з вулічнай пылам і ўмовамі надвор'я прывялі да катастрафічнага ўзроўню забруджвання. Колькасць маленькіх часцінак, здольных забіць лёгкія, у горадзе ў разы вышэйшая, чым дапускае СААЗ.

У мясцовых жыхароў дэжавю.

"Кожны год з набліжэннем зімы ў нас, тых, хто жыве ў Дэлі, узнікае пачуццё дэжавю. Ранішняе неба набывае злавесны шэры колер, мы скардзімся на закладзены нос і сверб у вачах, а лякарні пачынаюць запаўняцца людзьмі са скаргамі на хрыпы і абцяжаранае дыханне. Тыя з нас, хто можа сабе гэта дазволіць, спяшаюцца купляць дарагія ачышчальнікі паветра. Сам факт дыхання ў Дэлі становіцца небяспечным", — піша з Дэлі журналіст ВВС.

Дэлі, Індыя / Mike_fleming

Сёлета сітуацыя настолькі абвастрылася, што Вярхоўны суд загадаў урадам штатаў і федэральнаму ўраду прыняць "надзвычайныя і неадкладныя меры".
 

Здавалася б — пры чым тут лодкі?

Міграцыйны крызіс — гэта не толькі пра Беларусь. У мінулы чацвер больш за тысячу мігрантаў паспрабавалі перасекчы Ла-Манш у невялікіх лодках. Яны спадзяваліся дабрацца да Вялікабрытаніі. Трое ў гэтым небяспечным падарожжы зніклі без вестак.

Урад Вялікабрытаніі заклікаў Францыю зрабіць немагчымымі такія небяспечныя падарожжы. У адказ спартыўны рытэйлер Decathlon вырашыў не прадаваць каноэ на поўначы Францыі. Каб людзі не спрабавалі пераплысці ў іх Ла-Манш.

Прадстаўнік кампаніі растлумачыў сваё рашэнне проста: жыцці людзей у небяспецы.

Міграцыйны крызіс абвастрыў і без таго няпростыя апошнім часам адносіны паміж Парыжам і Лонданам. Цяпер увага, магчымае вострае дэжавю. Названыя міністры Брытаніі лічаць, што Макрон выкарыстоўвае міграцыйны крызіс, каб пакараць Лондан за Брэксіт.

Французы днямі папрасілі суседзяў пазбавіць іх ад амплуа баксёрскай грушы ў сваіх унутрыпалітычных спрэчках. Маўляў, віна за міграцыйны крызіс ляжыць на Брытаніі, рынак працы ў якой шмат у чым трымаецца на нерэгулярных мігрантах, лічаць у Парыжы.

Францыя прызнала, што Брытанія ўжо змяніла сваё заканадаўства, спрабуючы стаць менш прывабнай для мігрантаў краінай. Але недастаткова. Інакш людзі не спрабавалі б зноў і зноў пераплысці Ла-Манш.
 

"Старлінк" прасочыць за Бразіліяй

Прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару ў час нашумелага кліматычнага саміту ў Глазга паабяцаў, што яго краіна разам з многімі іншымі возьмецца абараняць лясы. Прагрэсіўную дэкларацыю, у якой сусветныя лідары абяцалі паклапаціцца пра лес, падпісалі прадстаўнікі больш як ста краін. У тым ліку і Беларусі.

І той факт, што Бразілія стала адной з іх, асабліва важны. Таму што бразільскія лясы вельмі ўжо важныя для планеты, калі ўжо мы сабраліся змагацца са зменамі клімату.

Але да намераў Балсанару не ўсе паставіліся сур'ёзна: маўляў, хай дакажа на справе, што яму не пляваць на лясы. І Балсанару даказвае: Бразілія праўда, на самай справе сабралася абараняць амазонскія лясы. І ёсць ад чаго: актывісты скардзяцца на картэлі, якія займаюцца незаконным высяканнем.

Цяпер дапамагчы могуць Ілан Маск, Space X і яго супер-інтэрнэт "Старлінк". Краіна мае намер супрацоўнічаць з кампаніяй, каб з вышыні назіраць за тым, ці не сякуць лясы Амазонкі. Ну а заадно яшчэ падключаць да інтэрнэту сельскія рэгіёны.

Ілан Маск / Daniel Oberhaus

На якім этапе дамоўленасці, пакуль няясна. Але міністр сувязі краіны Фабіа Фарыя ўжо сфатаграфаваўся з Іланам Маскам. Гэта нешта ды значыць!
 

Прага вакцынацыі?

У невялікім расійскім мястэчку Ціхвін укралі мабільны пункт вакцынацыі ад каранавіруса.

Да пандэміі грузавічок ездзіў па пасёлках як мабільная амбулаторыя. Яго абсталявалі на базе аўто "ГАЗон NEXT". Каштуе такая машына каля 4 млн рублёў.

Ёсць ідэя распрацаваць эксперыментальную вакцыну ад прагнасці. Непрышчэпленых у грамадскія месцы не пускаць!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.