У судзе пачынаецца працэс па справе аб гібелі Ігара Пцічкіна

Судовы працэс па справе аб гібелі Ігара Пцічкіна ў СІЗА №1 пачынаецца 16 верасня ў Маскоўскім раённым судзе сталіцы. Родныя загінулага спрабуюць давесці, што маладога чалавека моцна збілі ў следчым ізалятары і затым не аказалі яму належнай медыцынскай дапамогі, з-за чаго ён і памёр.

Інцыдэнт здарыўся тры гады таму. 21-гадовы Ігар Пцічкін трапіў у СІЗА №1 за кіраванне транспартным сродкам у перыяд пазбаўлення права кіравання. Яго асудзілі на тры месяцы адміністратыўнага арышту. 30 ліпеня ён быў дастаўлены ў ізалятар, а 4 жніўня сваякам паведамілі, што малады чалавек памёр ад сардэчнага прыступу.

Сваякі не паверылі ў гэтую версію, калі ўбачылі на целе нябожчыка сляды ад пабояў, і дамагаліся расследавання яго смерці. Следства сцвярджала, што Пцічкіна не збівалі, а прычынай смерці стала наркатычная “ломка” — маўляў, хлопец спажываў псіхатропы, а паколькі не мог прыняць іх у СІЗА, у яго здарылася вострая сардэчная недастатковасць, з-за чаго ён і памёр. Таксама сцвярджалася, што малады чалавек гандляваў псіхатропамі.

У 2015 годзе Генпракуратура вярнула ў Следчы камітэт матэрыялы справы для дадатковага расследавання. У пачатку гэтага года справа зноў была закрытая, аднак маці загінулага, Жанна Пцічкіна, звярнулася ў Генпракуратуру яшчэ раз і справу аднавілі.