Разгляд гучнай справы аб гібелі ў СІЗА Пцічкіна працягнецца ў панядзелак

Разгляд гучнай справы аб гібелі ў СІЗА Пцічкіна працягнецца ў панядзелак

У пятніцу, 16 верасня, суд Маскоўскага раёна Мінска пачаў разгляд гучнай справы аб гібелі ў СІЗА № 1 на Валадарскага асуджанага Ігара Пцічкіна. Фельчара следчага ізалятара Аляксандра Крылова абвінавачваюць у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў. Ён укалоў Пцічкіну галаперыдол і не запісаў гэта ў журнал. Ігар Пцічкін памёр ад вострай сардэчнай недастатковасці. Паводле абвінавачання, яна развілася з некалькіх прычын, у тым ліку з-за сіндрома ўжывання наркотыкаў, парушэння водна-салянога балянсу, псіхічнага разладу, інфармуе Радыё Свабода.

21-гадовы Ігар Пцічкін трапіў у СІЗА №1 за кіраванне транспартным сродкам у перыяд пазбаўлення права кіравання. Яго асудзілі на 3 месяцы адміністратыўнага арышту. 30 ліпеня ён быў дастаўлены ў ізалятар, а 4 жніўня сваякам паведамілі, што малады чалавек памёр ад сардэчнага прыступу. Сваякі, калі ўбачылі на целе нябожчыка сляды ад пабояў, дамагаліся расследавання абставін яго смерці. Справу ў чарговы раз аднавілі пасля звароту ў Генпракуратуру маці Пцічкіна.

Сёння ў судзе адбыўся допыт Крылова, які не лічыць сябе вінаватым. Ён тлумачыў, чаму вырашыў увесці асуджанаму моцны заспакаяльнік. Паводле яго слоў, у першай палове дня 3 жніўня маладога чалавека даставілі тры ахоўнікі, якія сказалі, што ён "неадэкватна паводзіць сябе ў камеры". Падчас апытання Пцічкін сказаў Крылову, што наркотыкі не ўжывае, але "курыў траву". Ён скардзіўся на сукамернікаў, якія "нешта яму рыхтуюць". Ад заспакаяльнага ўкола Пцічкін адмовіўся, тады фельчар даў яму таблетку клазапіліну (гэта моцнадзеючы заспакаяльны сродак).

Пасля абеду ахоўнікі зноў прывялі Пцічкіна і сказалі, што ён грукаў у дзверы. Крылоў сцвярджае, што асуджаны маўчаў, а пасля выйшаў у калідор, адкуль яго ахоўнікі вярнулі. Фельчар сцвярджае, што спецсродкі не ўжываліся. Пасля Аляксандр Крылоў прыняў рашэнне прывязаць зняволенага да ложку з мэтай, "каб пазбегнуць дрэнных наступстваў", што і выканалі двое ахоўнікаў. Пасля гэтага Ігару Пцічкіну зрабілі ўкол заспакаяльнага сродку.

Пракурор спытаў, чаму Пцічкін ляжаў звязаны 10 гадзін? Крылоў адказаў, што "ў яго з'явілася кепская сімптаматыка, ён пачаў з сабой гучна размаўляць, торгаць рукамі". Што раніцай 4 жніўня ў яго пачаліся галюцынацыі. "Вось тады я вырашыў даць яму больш моцны сродак — галаперыдол. Два мілілітры — дзве ампулы", — сказаў у судзе фельчар. Пракурор адзначыў, што ў спецыяльным журнале пазначаны расход 4-х такіх ампул. Куды падзеліся яшчэ 2, Крылоў не змог адказаць.

Падрабязна пра сённяшняе судовае пасяджэнне гл. тут.

Працэс працягнецца ў панядзелак, 19 верасня. Адвакат маці Пцічкіна Жанны Аляксандр Галіеў мяркуе, што ён будзе працягвацца да кастрычніка, у справе 21 том. У якасці сведак заяўлена 18 супрацоўнікаў СІЗА, 4 эксперты і 21 сведка, некаторых з іх давядзецца прывозіць з месцаў адбыцця пакарання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі