МУС не заплаціў маці загінулага Пцічкіна кампенсацыю: грошай на гэта няма

Міністэрства ўнутраных спраў звярнулася ў суд Заводскага раёна Мінска па тлумачэнні наконт выканання судовага рашэння. Паводле ранейшага рашэння суда МУС павінна выплаціць кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды сям’і Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА №1, піша праваабарончы сайт "Вясна".

23 сакавіка суд Заводскага раёна пастанавіў спагнаць з МУС 30 тысяч рублёў маральнай і 6 тысяч рублёў матэрыяльнай кампенсацыі маці і сястры Ігара Пцічкіна.

У МУС палічылі суму завышанай. Акрамя таго, там вырашылі, што яе мусіць сплочваць Міністэрства фінансаў. Таму міліцэйскае ведамства падало касацыю ў Мінскі гарадскі суд. Мінгарсуд разгледзеў гэтую скаргу 25 траўня і пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі без зменаў. Ён толькі вырашыў, што з МУС не будзе спаганяцца дзяржаўны збор за разгляд справы ў судзе.

Аднак з 25 траўня маці і сястра Пцічкіна не атрымалі ад МУС ніводнага рубля кампенсацыі. Прадстаўнікі міністэрства звярнуліся ў суд Заводскага раёна з заявай пра тое, што МУС бюджэтная арганізацыя і не мае грошай на выплату кампенсацый.

“Планам рахункаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь не прадугледжаныя выплаты на выкананні рашэнняў судоў у частцы пакрыцця грамадзянам прычыненай шкоды. Адпаведнага бюджэтнага фінансавання міністэрства не атрымлівае" — гаворыцца ў лісце МУС.

Як паведамлялася раней, мінчук Ігар Пцічкін 4 жніўня 2013 года памёр праз некалькі дзён адседкі ў СІЗА №1. Яго арыштавалі на тры месяцы за кіраванне аўтамабілем без правоў. У медчастцы СІЗА да яго былі ўжытыя "меры фізічнага стрымлівання ў выглядзе фіксацыі рамянямі". У такім стане Пцічкін знаходзіўся больш за 20 гадзін да моманту смерці. Адміністрацыя ізалятара заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі выявілі на целе сінякі і сляды траўмаў.