У судзе па справе Андрэя Бандарэнкі дапыталі сакрэтную сведку

5 жніўня ў судзе дапытвалі сакрэтную сведку, паведамляе БелаПАН.

Суддзя Ала Абакунчык адмовілася адмяніць меры бяспекі да сведкі, якая праходзіць пад імем "Ларыса Дурманава". Менавіта яна паведаміла аператыўнікам, што ў канфлікце 5 лютага каля сталічнай кавярні "Сівая легенда" з пацярпелым Артурам Яворскім удзельнічаў менавіта Андрэй Бандарэнка.

У судзе яна адказвала з суседняга з залай пасяджэння пакоя. Па просьбе суддзі яна не змагла назваць свой ​​выдуманы год нараджэння, выдуманае месца пражывання. Жанчына з грубаватым голасам сказала, што ведае Бандарэнку ў твар, бо раней судзімыя ў раёне вуліцы Чкалава ў Мінску папярэдзілі яе, што гэты чалавек абараняе правы зняволеных і да яго ў выпадку чаго можна звяртацца.

"Дурманава" паведаміла, што бачыла, як Бандарэнка біў у твар Яворскага. Пацвярджаючы словы пацярпелага, дадзеныя на судзе напярэдадні, "Дурманава" сказала, што Яворскі паваліўся і нейкі час ляжаў на зямлі. За гэтымі падзяемі сведка назірала 5-7 хвілінаў. Потым яна затэлефанавала "знаёмаму аператыўніку" і распавяла пра бойку і назвала імя Бандарэнкі. Нумар тэлефона аператыўніка "Дурманава", па яе словах, атрымала ад яго на паперцы з просьбай тэлефанаваць, "калі нешта адбудзецца".

Падчас допыту сведкі адвакат Дар'я Ліпкіна звярнула ўвагу на тое, што сведка адразу запомніла ў твар Бандарэнку, але не памятае, хто ёй распавёў пра яго. У адказ на пытанні адвакаткі "Дурманава" спачатку казала "не памятаю, не ведаю, якая мне розніца", а потым заявіла: "Я не памятаю, у чым я ўчора была апранутая". Дарэчы, сведка апісвае час бойкі ля кавярні як "пачало змяркацца". Хаця бойка адбылася каля 21-й гадзіны, калі ў лютым ужо цёмна. І пры гэтым сведка заяўляе, што пазнала Бандарэнку за некалькі дзесяткаў метраў ад месца здарэння.

Як адзначае БелаПАН, на следстве "Дурманава" давала абсалютна іншыя паказанні наконт перадачы інфармацыі пра бойку ў міліцыю. З пратаколу допыту, праведзенага праз месяц пасля інцыдэнту, вынікае, што сведка ніякаму знаёмаму аператыўніку не тэлефанавала, а сама пайшла ў Кастрычніцкае РУУС. Там яе накіравалі да дзяжурнага супрацоўніка крымінальнага вышуку. Пачуўшы гэта ў судзе, "Дурманава" адразу адмовілася ад паказанняў на судзе і заявіла, што дадзеныя ёю на следстве паказанні больш верныя.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі