У сталічным Уруччы раніцай гарэў інтэрнат — 280 чалавек эвакуявалі (фота)

280 жыхароў інтэрнату ў сталічным мікрараёне Уручча эвакуявалі раніцай 11 лютага з-за ўзгарання пакінутага смецця. Паведамленне пра пажар паступіла ў МНС у 8.33. Выратавальнікі высветлілі, што гарэла смецце пад лесвічнай клеткай і драўляны дзвярны блок.

У выніку згарэлі дзверы, пашкоджаныя парэнчы на двух лесвічных маршах, закураная лесвічная клетка.

Два чалавекі атруціліся прадуктамі гарэння — гэта мужчына 1984 года нараджэння, які не мог пакінуць калідор на 9-м паверсе праз моцнае задымленне, а таксама пенсіянерка 1931 года нараджэння. Абодвух даставілі ў лякарню.

Прычынай пажару магло стаць неасцярожнае абыходжанне з агнём, перадае прэс-служба Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС.