У спісах на прэзідэнцкіх выбарах будзе толькі адзін кандыдат?

Як стала вядома Еўрарадыё, у V.I.P.-кулуарах беларускай апазіцыі ў апошні час актыўна абмяркоўваецца верагоднасць таго, што ў спісах на прэзідэнцкіх выбарах 2011 года будзе толькі адзін кандыдат. І гэта не прадстаўнік дэмакратычных сілаў.  Першым сваім назіраннем за тым, як нейкія незразумелыя знешнія сілы рыхтуюць беларускую грамадскасць да безальтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў, з Еўрарадыё падзяліўся лідэр ліберал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч.

Сяргей Гайдукевіч: “Закідваюць у Інтэрнэт, пішуць прозвішчы Гайдукевіча, Мілінкевіча, Казуліна, іншых, і ўсім малююць аднолькавы працэнт. Я не ведаю, адкуль такія рэйтынгі нараджаюцца, але пішуць такія адсоткавыя складнікі, каб людзі не хацелі нават ісці кандыдатамі ў прэзідэнты. Усіх прымушаюць паверыць, што шанцаў ніякіх ні ў каго няма. І падштурхоўваюць да таго, каб сказаць: “Хай адзін чалавек застаецца”. Вы ўяўляеце, у якой маральнай атмасферы гэта ўсё будзе праходзіць? Нават Інтэрнэт-рэсурсы Расіі закідваюць такую ідэю. І з Літвы, з боку манаеўскага агенцтва, ідзе закід незразумелых рэчаў”.

Гэтым адным і адзіным у адной асобе, паводле слоў Гайдукевіча, варожыя да беларускай апазіцыі сілы выстаўляюць Аляксандра Лукашэнку.

Тое, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў адбываецца нешта “не тое”, нейкая праца звонку на карысць дзейснага прэзідэнта, заўважыў і намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Вінцук Вячорка: “Яшчэ з вясны гэтага года ў некаторых брусэльскіх, варшаўскіх, іншых еўрапейскіх палітыкаў з’явілася, на іх погляд, вельмі рэвалюцыйная ідэя памяняць стаўленне да Беларусі на “азербайджанскі ўзор”. Маецца на ўвазе стаўленне да Лукашэнкі. Пачаць глядзець скрозь пальцы на рэальную сітуацыю ў нашай краіне і з дэмакратыяй, і з правамі чалавека, і з нацыянальнымі каштоўнасцямі, і зрабіць з яго на словах праеўрапейскага незалежніка”.

Тое, што ў апошні час з’явілася занадта шмат розных табліц з рэйтынгамі папулярнасці, даверу і гэтак далей, заўважыў і лідэр руху “За свабоду!” Аляксандр Мілінкевіч. Вось толькі, кажа, на планы яго гэта ніяк не ўплывае.

Аляксандр Мілінкевіч: “Асабліва не перажываю, калі пішуць, што нізкі рэйтынг. Рэйтынгі – рэйтынгамі, а тым часам сітуацыя ў краіне складаная, людзі адчуваюць, што будзе крызіс, хоць БТ хлусіць і кажа, што крызісу не будзе – на жаль, будзе. Таму ўсё можа змяніцца ў краіне. Але шчыра скажу, мяне турбуе не асабісты лёс, не асабісты рэйтынг, нават не тое, буду я прэзідэнтам ці не, хаця я хачу быць прэзідэнтам і буду ўдзельнічаць у гэтай гонцы, мяне турбуе лёс Беларусі”.

У адрозненне ад некаторых еўрапейскіх палітыкаў, не мяняюць сваю пазіцыю і свае планы, паводле слоў Вячоркі, і ў Партыі БНФ.

Вінцук Вячорка: “Мы перакананыя, што з Лукашэнкі зрабіць незалежніка не ўдасца, і толькі сапраўды незалежніцкія дэмакратычныя сілы, а ў першую чаргу такой мы лічым Беларускі народны фронт, могуць адказаць на выклік эпохі, на выклік сучаснасці”.

А вось лідэр ліберал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч не выключае таго, што добраахвотна сыдзе з дыстанцыі.

Сяргей Гайдукевіч: “Чаму вы не думаеце, што ў мяне могуць быць нейкія перамовы на гэты конт, нейкія сустрэчы, і я пайду па іншым шляху, які, можа стацца, будзе больш моцны, чым вы думаеце? Я паступлю так, як палічу больш мэтазгодным. І не думайце, што варыянт, які я прыму, будзе менш моцны – ён можа быць нават больш моцным”.

Праўда, што гэта за “больш моцны варыянт”, чым удзел у прэзідэнцкіх выбарах, палітык не прызнаўся.

Нічога дзіўнага ў тым, што ў міжвыбарны сезон апазіцыйныя лідэры маюць нізкі рэйтынг, палітолаг Віталь Сіліцкі не бачыць. Гэта, кажа, ўсяго толькі вынікі інфармацыйнай блакады. Пачнецца выбарчая кампанія – усё зменіцца ў лепшы для іх бок. Ды і Лукашэнка, на думку палітолага, не зацікаўлены ў безальтэрнатыўных выбарах.

Віталь Сіліцкі: “Безальтэрнатыўных выбараў не будзе. Лукашэнку для ўнутранай легітымнасці вельмі важна кагосьці перамагаць. Папярэдні досвед паказвае, што ён нават не адсейвае прэтэндэнтаў на прэзідэнцкія выбары, як гэта робіцца ў Расіі. У нас на кожных выбарах былі сапраўдныя прэзідэнцкія кандыдаты. Проста справа ў тым, што ў Лукашэнкі адпрацаваная машына падаўлення кандыдатаў ад выбараў да выбараў”.

І параіў не “крыўдзіць” заходніх палітыкаў. Яны, кажа, ад такіх каштоўнасцяў, як правы чалавека і свабода прэсы дзеля Лукашэнкі не адмовяцца. І амбасадар ЗША ў Беларусі ніколі не будзе вітаць разгон дэманстрацыі апазіцыі, як гэта зрабіў яго калега ў Азербайджане.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі