Вы тут

У Слоніме вырашаюць, ці пераймяноўваць плошчу Леніна ў Тэатральную

tut.by

У Слоніме вырашаюць, ці пераймяноўваць плошчу Леніна ў Тэатральную. Галасаванне праходзіць на сайце раённай газеты "Слонімскі веснік". Яго ўдзельнікам прапануюць два варыянты адказу на пытанне "Ці трэба змяняць назву плошчы Леніна ў Слоніме?": 1. Пакінуць без зменаў. 2. Перайменаваць у Тэатральную. Спачатку большасць галасоў было аддадзена за перайменаванне, аднак пасля сітуацыя з галасаваннем рэзка змянілася — ужо некалькі дзён стабільна і з адрывам лідыруюць праціўнікі перайменавання. А гэта не можа не здзіўляць. Заяўляецца, што ў галасаванні паўдзельнічала больш за 6 тысяч чалавек.

1 верасня ў Слоніме пройдзе рэспубліканскае свята — Дзень беларускага пісьменства. У цэнтры горада будзе ўсталяваны помнік Льву Сапегу, канцлеру ВКЛ, слонімскаму старасце. Яго з'яўленне на плошчы Леніна ўспрымаецца недарэчным, таму грамадскія актывісты і сабралі подпісы мясцовых жыхароў за яе перайменаванне ў Тэатральную (на гэтай плошчы знаходзіцца будынак тэатру). Іх перадалі ў Слонімскі райвыканкам і раённы Савет дэпутатаў, а чыноўнікі "запусцілі" галасаванне ў інтэрнэце.

tut.by
Плошча Леніна ў Слоніме. У мінулым — Плошча перад Дамініканскім касцёлам, Парадная, Гандлёвая / slonves.by