Вы тут

У Слоніме прайшоў ператрус у маёра запасу Міхася Варанца

Міхась Варанец / Радыё Рацыя

У Слоніме прайшоў ператрус у маёра запасу Міхася Варанца, паведамляе gs.by. У чацвер яго вазілі на допыт у мясцовы аддзел КДБ, дзе супрацоўнікі абласнога ўпраўлення дзяржбяспекі задавалі пытанні пра Мікалая Аўтуховіча. Як вядома, ветэран вайны ў Афганістане Аўтуховіч — падазраваны па крымінальнай справе аб тэрарызме, ён за кратамі. Варанец таксама воін-афганец. На допыце яму прыгадалі, што ён пісаў ліст у СІЗА КДБ у падтрымку Аўтуховіча, змясціў пра яго артыкул на адным з інтэрнэт-сайтаў. А яшчэ тое, што летась у Facebook Мікалай Аўтуховіч пытаўся ў Міхася Варанца, дзе той служыў у Афганістане.

"У выніку склалі пратакол, што я дапытаны як сведка ў справе пра тэрарызм", — кажа Варанец. Па выніках трохгадзіннага ператрусу ў яго забралі камп'ютарную тэхніку, тэлефон, флэшкі і паабяцалі ўсё гэта "доўга не трымаць".

Міхась Варанец у 1990-я быў актывістам Беларускага згуртавання вайскоўцаў, дэпутатам Слонімскага гарсавета, займаўся грамадскай дзейнасцю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.