У Швецыі з атрыманнем Нобелеўскай прэміі віншавалі не таго навукоўца

Некалькі гадзін віншаванні ў сувязі з атрыманнем Нобелеўскай прэміі па хіміі прымаў Тумас Ліндаль — прафесар медыцынскага факультэта ўніверсітэта шведскага горада Лінчэпінг. Праўда, хутка высветлілася, што высокая ўзнагарода дасталася зусім не яму, паведамляе ТАСС.

Крыніцай памылкі стаў Клаэс Лундквіст — адказны па сувязях з грамадскасцю муніцыпалітэта Лінчэпінга. Ён пабачыў у СМІ, што сёлета Нобелеўская прэмія прысуджаная выхадцу са Швецыі, які абараніўся ў Каралінскім інстытуце Стакгольма. Тады ён на ўсялякі выпадак праверыў спісы навукоўцаў, якія працуюць у Лінчэпінгу і пабачыў знаёмае прозвішча. Лундквіст тут жа напісаў ўрачысты прэс-рэліз.

У зман яго ўвяло падобнае прозвішча. Нобелеўскую прэмію па хіміі сёлета прысудзілі "за даследаванні механізму рэпарацый ДНК" Томасу Ліндалу (Вялікабрытанія), Полу Модрычу і Азізу Санкару (абодва — ЗША). Па-шведску імя першага навукоўца Tomas Lindahl вымаўляецца як "Тумас Ліндаль".

У сваё апраўданне Лундквіст заявіў: "Занадта многае супала, калі я атрымаў інфармацыю".