Вы тут

У Шчучыне блогер Вадзім Ермашук асуджаны на тры гады калоніі

Вадзім Ермашук (Vadimati) / Фота з сацсетак​

Гродзенскі блогер Вадзім Ермашук (Vadimati) асуджаны на тры гады калоніі агульнага рэжыму (столькі і прасіў пракурор). Яго прызналі вінаватым у "абразе дзяржаўных сімвалаў" і "абразе прэзідэнта". Падставай для гэтага сталі выказванні Ермашука (напрыклад, пад фота Аляксандра Лукашэнкі ў сацсетках напісаў "нелегітымны прэзідэнт"). Яго крымінальную справу разглядаў суд Шчучынскага раёна (суддзя — Дзмітрый Ціунчык). Прысуд агучылі 21 снежня.

"Мяне знішчаюць на волі, магчыма, мне будзе складана ў турме, але я буду трымацца дзеля вас!", — выгукнуў блогер пасля абвяшчэння прысуду.

36-гадовага Вадзіма Ермашука затрымалі ў жніўні, калі ён прыехаў у Шчучын здымаць гумарыстычны ролік для свайго Instagram (нібыта за заклікі прыехаць на спартовае мерапрыемства). Яго асудзілі на 25 сутак арышту, да якіх пазней дадалі яшчэ 15 сутак. Далей стала вядома, што Ермашуку выставілі абвінавачванне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса. Сваёй віны ён не прызнаў, на судзе адмовіўся даваць паказанні.

Вадзім Ермашук прызнаны палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.