Вы тут

У руху мінскіх тралейбусаў былі перабоі з-за непагадзі

Залева пакінула мінчукоў без грамадскага транспарту / БЕЛТА

Залева, якая абрынулася на Мінск увечары 18 чэрвеня, унесла свае карэктывы ў рух сталічных тралейбусаў. На некалькіх маршрутах адбыліся перабоі з-за непагадзі і пашкоджанняў кантактнай сеткі, паведамляе "Мінсктранс".

"З 20:13 на прасп Партызанскі — вул. А. Кашавога ў абодвух напрамках з-за пашкоджання кантактнай сеткі адбыўся прыпынак руху тралейбусаў на маршрутах №3, 16, 19, 30, 36, 49, 59", — гаворыцца на сайце "Мінсктранса".

Амаль на гадзіну (да 19:54) быў спынены рух тралейбусаў на маршрутах №14, 39, 77 на вуліцы Ціміразева ў напрамку вуліцы Сапёраў.

У выніку падтаплення рух тралейбусаў спыняўся з 18:46 на шэрагу вуліц: Будзёнага, Кашавога, Няміга, Багдановіча, Арлоўскай, Чарвякова, Кальварыйскай, Партызанскім праспекце, у раёне станцый метро "Фрунзенская", бульвара Шаўчэнкі ды іншых.

Рух некаторых аўтобусных маршрутаў таксама быў зменены. З 19:20 да 20:00 аўтобусы №9 не маглі праехаць па вуліцы Тухачэўскага у напрамку Серабранкі-9, таму яны рухаліся па вуліцах Чалюскінцаў, Карыцкага, Пляханава. З 19:21 да 20:05 па вуліцы Кальварыйскай і ў раёне станцыі метро "Моладзевая" не маглі праехаць толькі тралейбусы, а таксама аўтобусы маршрутаў №40, 46, 78, 163. Часова іх перанакіравалі па праспекце Пушкіна і вуліцы Ціміразева.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.