У Расіі згарэў дзіцячы летнік, загінула дзяўчынка

У Расіі згарэў дзіцячы летнік, загінула дзяўчынка

У Хабараўскім краі Расіі згарэў дзіцячы намётавы летнік. Загінула 10-гадовая дзяўчынка, яшчэ трое дзяцей атрымалі моцныя апёкі, піша "Новая газета". 

Дзецям, якія атрымалі моцныя апёкі, — па 11-13 гадоў. Іх у цяжкім стане шпіталізавалі ў рэанімацыю. Усе яны жыхары Камсамольска-на-Амуры.

Пажар пачаўся каля трэцяй гадзіны ночы паводле мясцовага часу. Цалкам ліквідаваны агонь быў у 4:46. Згарэлі 20 намётаў, яшчэ 6 пацярпелі ад агню.

Відавочцы кажуць, што спярша загарэлася вопратка, якую сушылі на цеплавой гармаце (іх выкарыстоўвалі для абагрэву намётаў, бо ўначы было холадна). Агонь імгненна ахапіў палатку і перакінуўся на ўвесь лагер. Важатыя эвакуявалі дзяцей.

На тэрыторыі летніка стаялі 26 намётаў, разлічаныя на восем чалавек у кожным. Агулам у летніку было 189 дзяцей. Цяпер іх перавялі ў стацыянарны драўляны корпус, шмат каго забралі бацькі.

Паведамляецца, што згарэлы летнік працаваў без дазволаў, у тым ліку не было дазволу ад пажарнікаў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі