У Расіі вызвалілі шматдзетную маці, якую абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе

Шматдзетная маці з расійскага горада Вязьма Святлана Давыдава, якую абвінавачваюць ў дзяржаўнай здрадзе на карысць Украіне, 3 лютага была вызваленая пад падпіску аб нявыяздзе. Следства змяніла ёй меру стрымання. Увечары ў аўторак Давыдава выйшла з СІЗА "Лефортава" ў Маскве і паехала дахаты ў Вязьму.

"Я па-ранейшаму не разумею, што адбываецца, вельмі ўсё дзіўна і незразумела. Я не чакала такога рашэння... Найперш хачу ўбачыць сваіх дзяцей... Увесь час пад арыштам я думала толькі пра іх", — сказала Давыдава ў інтэрв'ю "Коммерсанту" пасля выхаду на волю. Яна падзякавала ўсім, хто падтрымліваў яе.

Адвакаты не выключаюць, што вызваленне з СІЗА звязана з шырокім грамадскім рэзанансам справы іх падабароннай. У адміністрацыю прэзідэнта РФ было перададзена больш за 40 тысяч подпісаў у падтрымку жанчыны.

Нагадаем, шматдзетную маці з Вязьмы затрымалі 21 студзеня па падазрэнню ў дзяржаўнай здрадзе. Па дадзеных ФСБ, у красавіку 2014 года, Святлана Давыдава быццам бы неаднаразова паведамляла ў пасольства Украіны аб магчымай адпраўцы байцоў ваеннай часткі ГРУ, што знаходзіцца побач з яе домам, у Данецк для ўдзелу ў баявых дзеяннях. Пра гэта яна даведалася ад аднаго з вайскоўцаў.

У Святланы Давыдавай 7 дзяцей: трое яе і чацвёра — ад першага шлюбу яе мужа.

Фота: svoboda.org, AP, bbc.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі