Вы тут

У Расіі ўслед за Беларуссю хочуць перагледзець антынаркатычнае заканадаўства

pravovedus.ru

У Расіі ўслед за Беларуссю хочуць перагледзець антынаркатычнае заканадаўства. Як паведамляе тэлеканал "Дождь", дэпутаты Дзярждумы гатовыя ўнесці да канца вясенняй сесіі законапраект аб змякчэнні пакарання за захоўванне наркотыкаў, не звязанае з іх збытам. Дэпутаты мяркуюць, што неабходнасць змен у адпаведныя артыкулы КК наспела даўно, а "справа Галунова" можа паскорыць іх прыняцце.

Прапаноўваецца перавесці злачынствы, звязаныя з набыццём і захоўваннем наркотыкаў у буйным памеры з катэгорыі цяжкіх злачынстваў у катэгорыю злачынстваў сярэдняй цяжкасці. Адпаведна, пакаранне за іх будзе ад 2 да 5 гадоў зняволення замест 3-10 гадоў.

Заканадаўцы мяркуюць, што, калі захоўванне наркотыкаў у буйным памеры лічыцца цяжкім злачынствам, гэта забяспечвае высокія паказнікі дзейнасці праваахоўных органаў па раскрыцці цяжкіх злачынстваў, але не абараняе грамадства, падмяняючы барацьбу з распаўсюдам наркотыкаў барацьбой са спажыўцамі.

У Беларусі Палата прадстаўнікоў разгледзіць папраўкі ў антынаркатычны артыкул 328 КК ужо ў гэтую пятніцу, 13 чэрвеня. Плануюць паменшыць ніжнюю мяжу пакарання з пяці да трох гадоў пазбаўлення волі па частцы 2 (выраб, набыццё, перапрацоўка, захоўванне, перавозка або перасылка наркотыкаў) і з васьмі да шасці гадоў пазбаўлення волі па частцы 3 (тое ж самае, але ўчыненае групай асоб, службовай асобай, рэцыдывістам або з буйной партыяй наркотыкаў).