У Расіі студэнт каледжа страляў па сваіх аднакурсніках, ёсць ахвяры
У расійскім горадзе Благавешчанск студэнт адкрыў стральбу ў будынку Амурскага каледжа будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Адзін чалавек загінуў, трое былі параненыя. Стралок сябе застрэліў.
Як інфармуе meduza.io, хлопец змог без перашкод пранесці ў будынак праз пункт аховы стрэльбу. Ён зайшоў у аўдыторыю, выгнаў выкладчыцу і зрабіў некалькі стрэлаў па аднакурсніках. Выкладчыца выклікала паліцыю (па іншай версіі, першым сілавікам паведаміў пра стралка нейкі малады чалавек). Супрацоўнікі ДПС заблакавалі стралка ў адной з аўдыторый на другім паверсе, яны адкрылі стральбу ў адказ і паранілі хлопца. Ужо пасля эвакуацыі будынка навучальнай установы ў ім знайшлі целы двух забітых, у тым ліку і зламысніка.
Ёсць некалькі версій прычын учынку 19-гадовага хлопца. Па адной з версій, адбыўся канфлікт паміж навучэнцамі. Па іншай, гэта помста з-за дзяўчыны (яе нібыта згвалцілі). Ёсць і версія, што хлопец помсціў за тое, што яго выгналі з аўдыторыі.
У трох параненых ва ўзросце 17, 19 і 20 гадоў агнястрэльныя раненні. Адзін з маладых людзей знаходзіцца ў цяжкім стане.
Крымінальную справу распачалі па артыкуле "забойства, здзейсненае з хуліганскіх памкненняў". Вядома, што паляўнічая стрэльба ІЖ-81, з якой страляў студэнт, афіцыйна на яго зарэгістраваная.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.