У Расіі могуць увесці візы для ўкраінцаў

Міністэрства замежных справаў Расіі / прэс-служба МЗС РФ
Такі крок павінен стаць адказам на ўвядзенне Украінай візавага рэжыму для расіян.
У МЗС Расіі не выключаюць увядзення віз для ўкраінцаў. Пра гэта паведамляе РІА "Нрвости" са спасылкай на намесніка кіраўніка МЗС РФ Андрэя Рудэнку.
"Мы гэтае пытанне абмяркоўваем з рознымі ведамствамі", — сказаў ён, але тут жа ўдакладніў, што ў Маскве не хочуць "ускладняць жыццё тым украінскім грамадзянам, якія хочуць пакінуць краіну або зону баявых дзеянняў і накіравацца ў Расію". Гэтым людзям было б праблематычна аформіць візу з улікам таго, што расійскай амбасады ў Кіеве больш няма. А расійскім уладам "выгадна, каб людзі да нас ехалі, бачылі, што адбываецца".
Рудэнка адзначыў, што Масква можа адказаць асіметрычна на ўвядзенне Кіевам візавага рэжыму для расіян і не ўводзіць візы для ўкраінцаў. Ён нагадаў, што такая практыка склалася ў Расіі з Грузіяй. Грузінам, якія накіроўваюцца ў Расію, патрэбныя візы, расіянам, што едуць у Грузію — не.
Нагадаем, Кіеў увёў візавы рэжым для расіян з 1 ліпеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.