Вы тут

У Расіі Беларусь назвалі найбуйнейшым пастаўшчыком нелегальнага тытуню

pixabay.com

У Расіі правялі даследаванне рынку нелегальных цыгарэт. Аналітычнаму агенцтву Nielsen яго замовілі буйныя расійскія тытунёвыя кампаніі. Высветлілася, што жыхары РФ усё часцей набываюць нелегальныя цыгарэты, паколькі легальныя для іх задарагія (кантрабанда больш чым удвая таннейшая). Калі летась кантрабанда і падробкі складалі на рынку Расіі 8,4%, дык цяпер ужо 15,6%.

Газета "Ведомости" піша, што аналітыкі даследавалі сітуацыю і ў невялікіх населеных пунктах, асаблівую увагу звярталі на гарады каля межаў з Беларуссю, Украінай і Казахстанам, адкуль ідзе значная частка нелегальных цыгарэт. На вуліцах сотняў населеных пунктаў былі сабраныя больш за 15 тысяч пустых пачкаў. Іх прыналежнасць да нелегальнай ці кантрафактнай прадукцыі вызначалася найперш па адсутнасці расійскай акцызнай маркі ці надпісаў на рускай мове.

Пасля аналізу расіяне зрабілі выснову, што краіны Еўразійскага эканамічнага саюза пастаўляюць у РФ кожную другую пачку нелегальных цыгарэт. Іх прадукцыя займае 55,4% чорнага рынку. Беларусь названая "найбуйнейшай крыніцай нелегальнага тытуню" — на нашу краіну прыпадае 36%. У Казахстана і Арменіі — 8,9% і 8,8%.

У Расіі збіраюцца паскорыць прыняццё законапректаў, накіраваных на ўвядзенне больш жорсткай адказнасці за незаконны абарот тытунёвых вырабаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.