У Расіі абвясцілі ў вышук знатака з "Што? Дзе? Калі?" Раўшана Аскерава

Раўшан Аскераў / Фота з сацсетак
Раўшан Аскераў / Фота з сацсетак

МУС Расіі абвясціла ў вышук знатака з тэлевізійнай гульні "Што? Дзе? Калі?" Раўшана Аскерава. Пра гэта паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на базу вышуку сілавікоў.

"Раўшан Аскераў, 04.05.1972 года нараджэння, адшукваецца па артыкуле КК", — гаворыцца ў базе. Артыкул, па якім яго шукаюць, не ўдакладняецца.

Раней паведамлялася, што на Аскерава ў Расіі завялі крымінальную справу аб рэабілітацыі нацызму (ч.4 арт. 354.1 КК РФ). Падставай зрабіўся пост у Facebook, дзе Аскераў размясціў "загадзя ілжывыя звесткі, якія абражаюць і ганяць памяць вялікага расійскага палкаводца і абаронцы Айчыны маршала Савецкага Саюза Георгія Канстанцінавіча Жукава".  Ён назваў Жукава "марадзёрам са стажам" і "забойцам у пагонах". Пазней ён патлумачыў у інтэрв'ю рэсурсу lsm.lv, чаму напісаў той пост.

"Адзіны спосаб для гісторыкаў гаварыць пра сучаснасць — гэта знаходзіць нейкія рэмінісцэнцыі ў мінулым. Гэта была рэакцыя на тое, што адбываецца ў сучасным свеце, спроба сказаць,.. што адбываецца цяпер", — сказаў Аскераў. Ён не разумее, у чым менавіта расійскія следчыя ўбачылі склад злачынства, бо пісаў пра добра вядомыя факты. Яшчэ Аскерову цікава, чаму Следчы камітэт Расіі не рэагуе на словы міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова.

"Сапраўды ёсць рэабілітацыя нацызму ў тым, што ён сказаў: "У Гітлера ёсць габрэйская кроў". Адрэагавалі ўсе, акрамя Следчага камітэта... Заява Лаўрова — гэта большая рэабілітацыя нацызму, чым тое, што напісаў я за ўсё сваё жыццё", — адзначыў ён.

Раўшан Аскераў гуляў у "Што? Дзе? Калі?" амаль 30 гадоў. У 2001 годзе атрымаў Крыштальную саву.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі