У Расіі абвастраецца праблема з абслугоўваннем грамадзянскіх самалётаў

Airbus кампаніі "Аэрафлот" / aeroflot.ru
Airbus кампаніі "Аэрафлот" / aeroflot.ru

Бяспека палётаў грамадзянскіх самалётаў у Расіі можа аказацца пад пагрозай. Усё праз санкцыі. Пра гэта піша Wall Street Journal. Выданне адзначае, што на канец 2022 года з 969 самалётаў, якія складаюць парк грамадзянскай авіяцыяй Расіі, 77% — гэта самалёты тыпу Boeing і Airbus SE. На заходнія мадэлі летась прыпала 97% усіх пасажырскіх перавозак. Гэтыя барты перавезлі амаль 95 мільёнаў пасажыраў.

Ужо цяпер сотні расійскіх самалётаў патрабуюць тэхнічнага абслугоўвання. WSJ расказвае, што тэхнічнае абслугоўванне бывае двух тыпаў (С і D). Праверку паводле тыпу С ладзяць прыкладна раз на два гады. Яна патрабуе вываду самалёта з эксплуатацыі на месяц. Праверка паводле тыпу D займае некалькі месяцаў і ладзіцца раз у 6-10 гадоў. Пры ёй амаль увесь самалёт разбіраецца. Толькі ў 2022 годзе праверку тыпу С мусіла прайсці каля 170 расійскіх самалётаў і 55 — праверку D. У 2023 годзе — адпаведна 159 і 85 самалётаў.

Ва ўмовах санкцый расійскі бок спрабуе самастойна выканаць усе праверкі. Але гэта не проста ва ўмовах дэфіцыту запчастак і закрытага доступу да дакументацыі па ліквідацыі непаладак, а таксама абнаўленняў ПЗ. Вырашыць праблему з дапамогай "паралельнага імпарту" таксама аказалася праблематычна. І Airbus, і Boeing папярэдзілі, што любы пастаўшчык, авіякампанія або фірма па тэхнічным абслугоўванні, якія паставяць дэталі ў Расію, будуць выключаныя са спіса кліентаў. Многія краіны (у тым ліку Кітай) праз страх страціць бізнес адмовіліся ладзіць у сябе праверкі расійскіх самалётаў.

Расійскі бок звяртаўся па дапамогу яшчэ да Ірана і Турцыі. Але Вашынгтон папярэдзіў Анкару, што аказанне такіх паслуг, як запраўка палівам і продаж запчастак для самалётаў амерыканскай вытворчасці, якія прылятаюць з Расіі і Беларусі, будзе мець наступствы. У выніку ў сакавіку Турцыя адмовілася ад абслугоўвання самалётаў з Беларусі і Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі