Вы тут

У рамках бязвізу ўлады Віцебшчыны дазволілі вывозіць "забароненыя" прадукты

Віцебскія ўлады дазволілі вывозіць "забароненыя" прадукты / Pexels, Mikhail Nilov

З Віцебскай вобласці за мяжу можна вывозіць больш як па 1 кг мукі, крупаў, солі. цукру ды іншых прадуктаў, унесеных у адпаведны спіс Саўміна. Пра гэта гаворыцца ў рашэнні №227, якое 25 красавіка прыняў Віцебскі аблвыканкам.

Забарона на вываз знятая з тавараў, набытых для асабістага карыстання фізічнымі асобамі, калі яны выязджаюць з тэрыторыі вобласці ў Літву і Латвію ў выходныя і святочныя дні ў перыяд па 15 траўня. Рашэнне набывае моц з 29 красавіка.

Гэтае рашэнне ўкладаецца ў рамкі месячнага "бязвізу", які беларускія ўлады ўвялі для грамадзян сумежных дзяржаваў да 15 траўня.

Як распавядала Еўрарадыё, два тыдні таму ўрад абмежаваў вываз з Беларусі шэрагу харчовых тавараў. За межы ЕАЭС можна вывозіць не болей як 1 кг мукі (грэцкай, пшанічнай), крупаў (грачаных, рысавых, манных, аўсяных, аўсяных шматкоў, проса), цукру, солі, макаронных вырабаў. Ліміт для мясных, малочных і рыбных кансерваў — тры бляшанкі (за выключэннем кансерваў для дзіцячага харчавання).

Аднак аблвыканкамам пакінулі права здымаць гэтыя абмежаванні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.