Вы тут

У Пружанах завёўся "паляўнічы" на птушак і жывёл. Апошняя ахвяра — хатні кот

Кот і куля, якая прайшла амаль наскрозь...

У рэдакцыю Еўрарадыё звярнулася жыхарка Пружан Вольга Грышкевіч. Сусед падстрэліў яе ката Рыжыка з пнеўматычнай зброі. Куля прайшла амаль наскрозь і цудам не пашкодзіла ўнутраныя органы. Гаспадыня напісала заяву ў міліцыю, і мужчыну аштрафавалі.

Па словах Вольгі, падазрэнні, што "снайпер" адстрэльвае жывёл і птушак, у суседзяў ўзнікалі і раней, але людзі баяцца сведчыць супраць мужчыны — раптам адпомсціць?

Спачатку Вольга знаходзіла ў агародзе мёртвых птушак, думала — птушыны грып

"Гадоў дзесяць таму мы з мамай пачалі знаходзіць у агародзе мёртвых галак, варон, галубоў, — пачынае здалёк Вольга. — Мы не маглі зразумець, што адбываецца. Думалі, можа, які-небудзь птушыны грып. Потым у нас на дрэве пасялілася сям'я соў. Птушкі жылі некалькі гадоў, а аднойчы прапалі. Суседка выказала здагадку, што іх падстрэліў з пнеўматыкі сусед. Сярод мясцовых жыхароў хадзілі чуткі, што калісьці той прывязаў да дрэва свайго сабаку і расстраляў. Яго пабойваліся, але ніякіх доказаў у нас не было".

Пасля смерці маці Вольга пачала дапамагаць хатнім жывёлам. Знаходзіла хворых катоў, лячыла і потым аддавала ў добрыя рукі. Аднаго такога ката пружанка знайшла мёртвым на мяшку з бульбай. Жывёлу пахавалі, а праз два тыдні суседка зноў пачала казаць, што ва ўсім вінаваты сусед, маўляў, яна бачыла.

"Калі б сказала адразу, я б звярнулася да лекараў, каб тыя анатамавалі жывёлу, тады можна было б нешта даказаць, але так доказаў не было".

Два каты Вольгі, якія загінулі пры дзіўных абставінах. Жанчына лічыць, што іх забіў сусед

"Намацала у Рыжыка пад поўсцю кулю"

19 студзеня 2018 года Вольга выйшла на двор і ўбачыла, што сусед стаіць каля сваёй машыны і цэліцца ў яе ката Рыжыка. Той гуляў у двары ў суседкі. Жанчына паклікала ката і спудзіла суседа, але той не супакоіўся.

"Я зайшла дадому і затапіла печку, раптам прыйшоў Рыжык і пачаў адчайна мяўкаць. Я намацала пад поўсцю кулю і патэлефанавала ветэрынару. Быў выхадны дзень, ён не працаваў, сказаў калоць кату антыбіётыкі і, калі той выжыве, прынесці яго ў панядзелак".

Месца, куды трапіла куля

Рыжык выжыў. З-пад скуры жывёлы хірург дастаў кулю для пнеўматыкі дыяметрам 4 мм і даўжынёй 7 мм. Кату паставілі дыягназ: "Раны брушной поласцi, ўдары ўнутраных органаў".

Куля, якую дасталі з-пад скуры Рыжыка

"Я напісала заяву ў міліцыю, прыклаўшы даведку ад ветэрынара раённай ветстанцыі, кулю, фатаграфіі ката, відэа, з якога зразумела, што яго ранілі наскрозь. Да мяне прыйшоў участковы, сказаў, што пасля праверкі мне ўсё раскажуць, але пакуль міліцыя маўчыць".

"Снайпер" абышоўся штрафам

Еўрарадыё звязалася з афіцыйным прадстаўніком УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргеем Дучэнкам.

"19 студзеня было холадна, кот грэўся на капоце машыны. Яе ўладальнік спрабаваў сагнаць ката, але той не сыходзіў, тады ён вырашыў яго прыстрашыць. Дастаў пнеўматычную вінтоўку і стрэліў. На жаль, трапіў у ката. Мужчына цалкам прызнаў сваю віну. За жорсткае абыходжанне з жывёламі яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці — штрафу ў дзесяць базавых велічынь. Прысуд пакуль не набыў законную моц", — распавёў ён.

Вольга не згодная з такім мяккім пакараннем, як не згодная і з тым, што кот сядзеў на капоце, таму што сама бачыла — кот гуляўся у двары з іншым катом.

"Гэта магла б пацвердзіць суседка, але яна адмаўляецца, таму што баіцца помсты, — кажа пружанка. — Той, хто можа стрэліць у жывёлу, здольны забіць чалавека, асабліва калі ў суседа якія-небудзь псіхічныя праблемы. Шмат гадоў таму ў яго загінуў сын. Магчыма, гэта паўплывала на яго паводзіны".

У міліцыі Еўрарадыё сказалі, што абвінавачаны працуе кіроўцам і пастаянна падае даведкі аб сваім самаадчуванні.

"Калі Вольга або іншыя мясцовыя жыхары баяцца свайго суседа і ў іх ёсць на гэта прычыны, трэба скласці яшчэ адну заяву, таму што пакуль міліцыя разбіралася толькі ў гісторыі з катом Рыжыкам, — раіць Сяргей Дучэнка. — Калі страшна, можна напісаць яе ананімна або патэлефанаваць на тэлефон даверу. Толькі ўсё неабходна рабіць своечасова, а не праз шмат гадоў і без доказаў".