У Пружанах міліцыя прадухіліла масавую бойку моладзі

У горадзе Пружаны Брэсцкай вобласці міліцыя прадухіліла масавую бойку дзвюх моладзевых груповак. За сферы ўплыву там змагаюцца мясцовыя хлопцы і навучэнцы сельскагаспадарчага каледжа. Гэта нярэдка прыводзіць да “разборак” у райцэнтры.
Вось і днямі мясцовыя збілі некалькіх навучэнцаў каледжа ў скверы на вуліцы Купалы. Лёгкія цялесныя пашкоджанні “аграрнікі” атрымалі нібыта за тое, што пакрыўдзілі пружанскую дзяўчыну.

Ужо на наступны вечар, каб адпомсціць, навучэнцы вырашылі ўчыніць самасуд. Каля 150 “мсціўцаў” рушылі ў парк, дзе было вызначана месца “разборкі”. Пэўна абодвум бакам канфлікта пашчасціла ў тым, што пра запланаваную бойку даведаліся супрацоўнікі міліцыі. Таму на шляху магчымага маршруту маладзёнаў былі выстаўленыя патрулі.

А ў самім парку дзяжурылі ўзмоцненыя нарады міліцыі. З мэтай прафілактыкі міліцыянты затрымлівалі ўсіх маладых людзей, якія збіраліся групкамі ў раёне парку.

Гэта выклікала шмат гнеўных тэлефанаванняў у міліцыю, але бойку ўдалося прадухіліць. Ніякага пакарання падлеткі не панеслі, адносна іх нават не складаліся пратаколы. Што тычыцца “разборкі” на вуліцы Купалы, то асобы, якія ўчынілі бойку, выяўленыя. Зараз праводзіцца праверка.

Дарэчы, у горадзе Маларыта Брэсцкай вобласці, дзе сёлета адбылася масавая бойка паміж моладзю, разбіральніцтва ўступіла ў заключную фазу, распачатая крымінальная справа. Зачыншчыкаў чакае пакаранне: ім пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.


Фота - http://boevieiskusstva.narod.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі