У Пінску зачыняюць адзіны гатэль для жывёлаў

У Пінску зачыняюць адзіны гатэль для жывёлаў

У Пінску вырашылі зачыніць гатэль для жывёлаў пры гарадской ветэрынарнай станцыі, паведамляе varjag.net. Прычынай стаў адмоўны водгук у сацсетках.

Гісторыя пачалася з коткі Пампам, якую пакінула ў гатэлі яе гаспадыня Вікторыя. Праз 12 дзён котку забралі. Пасля гэтага ў сацсетках дзяўчына параўнала гатэль з канцлагерам для жывёлаў. Па словах гаспадыні, Пампам схуднела на кілаграм, на спіне гузы, выдзерты кавалак поўсці, правая задняя нага паралізаваная. 

Адміністрацыя ветстанцыі дала разгорнуты адказ у сацсетках. Ветэрынары паведамілі, што першыя дні котка добра ела. Але потым у маладой жывёлы (10 месяцаў) сталі мяняцца зубы на карэнныя. 

"І так, не абышлося без стаматыту. Натуральна, апетыт у яе прапаў, есці яна стала значна горш. І, вядома ж, кошку адразу паказалі лекару, быў прызначаны курс антыбіётыкаў. За дні хваробы кошка страціла ў вазе, хоць трохі ўсё ж ела і піла ваду. Лекар таксама прызначыў котцы кропельніцу, бо палічыў, што абязводжванне, хай і нязначнае, прысутнічае — паставілі катэтар. Калі гаспадары забіралі свайго гадаванца, то ў сітуацыі яны нават разбірацца не сталі, адразу перайшлі да абвінавачванняў", — кажа супрацоўніца Пінскай гарадской ветстанцыі Наталля Сталевіч.

Гаспадары абвінавацілі персанал у жорсткім абыходжанні з жывёламі. Пасля гэтага адміністрацыя ветстанцыі вырашыла абмежавацца сваімі непасрэднымі абавязкамі, а ў іх не ўваходзіць утрыманне гатэля. 

Пінчукам, якія хацелі б часова пакінуць хатняга гадаванца пад наглядам, даводзіцца шукаць іншыя варыянты. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі