У панядзелак агучаць прысуд па справе аб гібелі на стрэльбах салдата

У панядзелак агучаць прысуд па справе аб гібелі на стрэльбах салдата

У панядзелак, 22 кастрычніка, а 17-й гадзіне ў судзе Мінскага раёна агучаць прысуд па справе аб гібелі ў красавіку на стрэльбах 20-гадовага салдата Дзмітрыя Удода. Пракурор папрасіў прызначыць шэрагоўцу 120-й асобнай механізаванай брыгады 25-гадоваму Сяргею Крупе 2 гады 6 месяцаў "хіміі" (пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі-пасяленні), інфармуе БЕЛТА. Яго абвінавачваюць у "парушэнні правіл абыходжання са зброяй, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека". Крупа сваю віну прызнае.

Падчас заняткаў па агнявой падрыхтоўцы вайскоўцы ўваходзілі ў экіпаж БМП: Удод быў механікам-кіроўцам, а Крупа — наводчыкам-аператарам. Пасля выканання практыкаванняў апошні не паставіў кулямёт на захавальнік і не праверыў наяўнасць патронаў у патронніку, не зрабіў кантрольны спуск. Пасля па неасцярожнасці салдат закрануў рукой спускавы механізм і адбыўся адзін стрэл, механік-кіроўца атрымаў смяротнае раненне. Дарэчы, у судзе ён гаварыў пра асечкі, якія адбываліся падчас стрэльбаў. Аднак на судзе не была знойдзена сувязі паміж гэтымі няспраўнасцямі і трагічным стрэлам.

Як інфармуе партал tut.by, маці загінулага Наталля Удод прасіла суд не караць Сяргея Крупу, яна сказала, што яму даравала.

Варта адзначыць, што Дзмітрый Удод служыў у Печах разам з Аляксандрам Коржычам, які загінуў у кастрычніку 2017-га. Прысуд па гэтай гучнай справе агучаць 5 лістапада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі