Вы тут

У Оршы дыяксід азоту ў паветры перавышаў норму ў 2,6 раза

pixabay.com

У Оршы напрыканцы траўня некалькі дзён было зафіксаванае перавышэнне нормы па ўтрыманні дыяксіду азоту ў паветры. Пра гэта інфармуе Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.

27 траўня ў раёне вуліцы Моладзевай дыяксід азоту перавышаў норму ў 2,5 раза, а 28 траўня ў раёне вуліцы Леніна перавышэнне нормы гэтага газу складала 1,7 раза. Абодва разы пробы паветра бралі ў гадзіну ночы. 29 траўня ў 7:00 ў раёне вуліцы Моладзевай проба паветра паказала перавышэнне нормы дыяксіду азоту ў 2,6 раза. 

У першых двух выпадках быў паўднёва-заходні вецер, у трэцім — паўднёвы.

Дыяксід азоту — атрутны газ чырвона-бурага колеру і без паху. Ён выкарыстоўваецца пры вытворчасці кіслот, а таксама як акісляльнік у ракетным паліве.