У МЗС канстатуюць тэндэнцыю да нармалізацыі адносін Беларусі і ЕС

Заключэнні Савета Еўрасаюза "ў пэўнай ступені адлюстроўваюць тэндэнцыю" да нармалізацыі адносін Беларусі і ЕС. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Папова.  17 лістапада Еўрасаюз прадоўжыў частковае прыпыненне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і дзеянне санкцый да кастрычніка 2010 года. У той жа час ЕС прапанаваў Еўракамісіі пачаць падрыхтоўку да падпісання пагадненняў аб аблягчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Камісіі ЕС таксама рэкамендавана прапанаваць сумесны прамежкавы план прыярытэтных рэформ, якія могуць быць рэалізаваны ў Беларусі ў рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства.

Папоў адзначыў, што імкненне ЕС да нармалізацыі адносін адлюстроўваецца праз заявы аб гатоўнасці развіваць дагаворна-прававую базу і намеры пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму для беларусаў. Паводле яго слоў, Мінск "даўно і неаднаразова прапаноўваў ЕС сумесна ўрэгуляваць праблемы ў гэтых сферах".

Папоў са шкадаваннем канстатаваў, што "чарговае "падвешванне" працэсу комплекснай нармалізацыі двухбаковых адносін, абмежавальныя меры, якія па-ранейшаму прымяняе ЕС, разыходзяцца з цяперашняй логікай дыялогу Беларусь — ЕС, нясуць на сабе адбітак двайных стандартаў і не дазваляюць выйсці на ўзровень супрацоўніцтва, які ў поўнай меры адпавядаў бы інтарэсам абодвух бакоў", паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі