Вы тут

У МЗС Беларусі выклікаюць паслоў Расіі і Украіны

МЗС Беларусі / БЕЛТА

У МЗС Беларусі выклікаюць паслоў Расіі і Украіны. Пра гэта паведаміў дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў. 29 ліпеня прайшла нарада Аляксандра Лукашэнкі з членамі Саўбезу, прысвечаная затрыманню ў Беларусі больш за трох дзясяткаў байцоў прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера. Яны нібыта прыехалі "для дэстабілізацыі сітуацыі ў перыяд выбарчай кампаніі".

Лукашэнка заявіў, што "трэба звярнуцца неадкладна ў адпаведныя структуры Расійскай Федэрацыі, каб яны патлумачылі, што адбываецца". Па выніках нарады Раўкоў сказаў, што "ні па лініі ФСБ [РФ], ні па лініі ГРУ [РФ], ні па адной іншай структуры мы такой інфармацыі [пра перапраўку праз тэрыторыю Беларусі байцоў прыватнай ваеннай кампаніі] не атрымлівалі".

"Таму на сённяшні дзень кіраўніком дзяржавы пастаўлены шэраг задач для элементаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, — працягваў дзяржсакратар Саўбеза. — Калі каротка на іх спыніцца, то гэта будзе праца Міністэрства замежных спраў па адпраўцы запытаў і па запрашэнні паслоў і Расійскай Федэрацыі, і Украіны для дачы нейкіх тлумачэнняў і абмеркавання гэтых пытанняў".

Андрэй Раўкоў распавёў, што 14 затрыманых імаверна бралі ўдзел у вайне на Данбасе. "Таму запрашаецца і пасол Украіны па гэтым пытанні", — дадаў ён.

Узмоцніцца і "аператыўнае прыкрыццё межаў", у тым ліку і мяжы з Расіяй.

Тым часам на 30 ліпеня ў ЦВК выкліканы кандыдаты ў прэзідэнты. З'яўляюцца самыя розныя чуткі, аж пра магчымы перанос выбараў, прызначаных на 9 жніўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.