У Мёрах у прыватным сектары з-за маразоў пачаліся праблемы з ацяпленнем

Тэмпература паветра ў дамах апускалася да 10 градусаў. З-за гэтага шмат у каго з жыхароў размарозіліся і лопнулі батарэі ацяплення.

Мёраўцы звязваюць аварыю з ваеннымі вучэннямі, якія праходзілі тут у канцы студзеня — пачатку лютага. Тады частку цяпла накіравалі на тое, каб абагрэць памяшканні, у якіх жылі прызваныя на зборы. Грамадскі актывіст Валер Валажонак, дом якога знаходзіцца ў гэтым праблемным сектары, сцвярджае, што абсталяванне кацельнай не разлічанае, каб прапусціць праз сябе вялікую колькасць цяпла, вось іх дамы і пачалі замярзаць, працягвае Валер Валажонак:

“Я тыдзень адхадзіў, дзень у дзень, цыркуляцыі няма, вада стаіць. Мы вас адрэжам, мы вас зарэжам, мы вас там… Вы вінаваты самі. У чым мая віна — траса ізаляваная, выхад з прыёмніка гатовы, грошы належна заплачаныя, а вы мяне замарожваеце. Вы ж мне наносіце шкоду, ведаеш, колькі зараз сістэму ацяплення пераварыць, уяўляеш, што такое? Вось якое гора, і гэта па ўсіх хатах так”.

Згодна са словамі мясцовых жыхароў, раней такіх праблем у іх не было. Былі і большыя маразы, але ўсё працавала. Валажонак адзначае, што зараз улады прынялі “мудрае” рашэнне — наогул адключыць прыватны сектар ад цеплатрасы. Хутка ў Мёрах здадуць новы будынак раённай бальніцы, які будавалі 20 гадоў, яго ўжо падключылі да цеплатрасы. А жыхарам прыватнага сектару паабяцалі, што цяпло ў іх будзе толькі да вясны, а потым пра ацяпленне яны вымушаныя будуць клапаціцца самі.

Дарэчы, мясцовыя ўлады вельмі не хацелі, каб пра праблему з ацяпленнем стала вядома за межамі раёна. У Мёрах цягам паўмесяца два разы затрымлівалі здымачныя групы з тэлеканала “Белсат”. Простыя людзі вельмі запужаныя, яны баяцца, каб цяпло ў іх не знікла проста зараз. Таму з карэспандэнтамі адмаўляюцца размаўляць, сітуацыю каментуе Валер Валажонак:

“Людзі, яны проста запужаныя. Там ніхто нічога не рабіў, усё як было, так і засталося — дадатковыя помпы не зробленыя. Ужо ёсць пастанова з Віцебска — адрэзаць гэтых людзей усіх. А яны гэту праблему ніяк не могуць вырашыць — ім трэба дадатковыя помпы проста на кацельнай ставіць”.

Галоўны інжынер Мёрскай ЖКГ Аляксандр Каратаеў праблемы ўвогуле не бачыць: “Хочаш жыць у камфорце, плаці грошы, падключай газ і жыві ў камфорце, а прымусова мы нікога не адключаем”. Галоўны інжынер працягвае:

“Калі хто хоча палепшыць свае жыллёвыя ўмовы і тапіць так, каб у доме было 25–30 градусаў, калі ласка, адключайцеся. Калі хто не будзе выконваць правілы карыстання, цеплатрасу не ўцяпляць, балансавую прыналежнасць не захоча размяжоўваць, дамову заключыць па-нармальнаму, будзе адключаны, бо ў Мёрах ёсць прыродны газ. Калі ласка, паляпшайце свае жыллёвыя ўмовы, жывіце. Хочаш цяплей жыць, калі ласка, ручку пакруціў, будзе 30 градусаў у кватэры, хочаш — 15, але за гэта плаціць трэба”.

Зразумела, інжынер у чымсьці мае рацыю. Толькі ў правінцыі не кожны можа сабе дазволіць палепшыць жыллёвыя ўмовы.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі