У Мсціславе зноў абрынуўся езуіцкі касцёл, які абяцалі закансерваваць

У Мсціславе зноў абрынуўся езуіцкі касцёл, які абяцалі закансерваваць

Езуіцкі касцёл у Мсціславе зноў абрынуўся. Гэта адбылося прыкладна 25-26 ліпеня. Будаўнікі прыбралі ферму, якая падтрымлівала сцяну, — і адбыўся чарговы абвал.

Фатаздымкі з месца здарэння апублікаваў краязнаўца Дзяніс Касцюкевіч. На іх бачна, што будаўнікі знялі дах і франтоны, а гэта пагражае знішчэннем будынка, піша mspring.online.

У 2016 годзе Касцюкевіч напісаў ліст у Мінкульт з просьбай вылучыць грошы на рамонт пашкоджанага касцельнага даху. Аднак скродкаў у Мінкульта не знайшлося.

У наступным годзе абваліліся калона касцёла і аркі са скляпеннем, якія яна трымала. Тады, адказваючы на чарговую просьбу Касцюкевіча, Мінкульт прапанаваў Мсціслаўскаму райвыканкаму пашукаць спонсараў або папрасіць грошай у грамадзян. 

У ноч на 21 снежня 2017 года павалілася сцяна касцёла. Толькі пасля гэтага да справы далучыўся Магілёўскі аблвыканкам. Улады знайшлі грошы, завалы былі расчышчаныя, да працы падключыліся спецыялісты "Магілёўграмадзянпраекта".

Супрацьаварыйныя працы меркавалася завяршыць у 2019 годзе, каб запабегчы наступным абвальванням будынка. Аднак сёлета касцёл зноў абрынуўся. 

Езуіцкі касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў Мсціславе — помнік барока. Яго будаўніцтва пачалося ў 1730 годзе і завяршылася ў 1739-м. Падчас Расійскай імперыі будынак буў перададзены парваслаўнай царкве, пры савецкай уладзе там быў дом культуры, а потым школа-інтэрнат для глуханямых дзяцей. У 1992-м касцёл спрабавалі рэстаўраваць, але ў 1995 годзе грошы скончыліся. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі