У "моцных гаспадарнікаў" працягваецца паморак жывёлы

Раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова патрабаваў вырашыць праблему / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

За 11 месяцаў мінулага года ў Беларусі заведзена больш за 360 крымінальных спраў за ўтойванне паморку жывёлы. Больш за 90 такіх крымінальных спраў завялі ў Гомельскай вобласці, расказала старшы пракурор аддзела пракуратуры Гомельскай вобласці Яна Скорына ў эфіры Беларускага тэлебачання.

Раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова патрабаваў вырашыць праблему. Тры гады таму ў той жа Гомельскай вобласці ён пагражаў чыноўнікам за паморак жывёлы турмой.

Але і сёлета, як паказалі праверкі Камітэта дзяржкантролю, праблема не вырашылася. Да прыкладу, у гаспадарцы "Проземле-Агра" амаль 70% рэалізаванай прадукцыі ішло налева. Па дакументах выходзіла, што жывёлу прадавалі ІП і насельніцтву. Але інспектары мяркуюць, што гэта няпраўда — такім чынам кіраўніцтва гаспадаркі проста спісвала паморак. У гаспадарках, якія кантралёры правяралі ў Віцебскай вобласці, таксама праблемы. Фермы былі не гатовыя да зімы.

"Не былі складзеныя рацыёны кармлення жывёл. Кармы скормліваліся з наяўнасцю плёнкі ў выніку іх няправільнай вынімкі. Хаваем паморак — рэальнай карціны не відаць", — кажа намесніца начальніка ўпраўлення КДК Віцебскай вобласці Ала Анохіна. У Віцебскай вобласці ў мінулым годзе было ўстаноўлена больш за 80 фактаў паморку буйной рагатай жывёлы. Каб хоць неяк мінімізаваць падробку дакументаў у Чашніцкім раёне, да прыкладу, гаспадаркі абавязалі ўзгадняць усе продажы насельніцтву з райвыканкамам. Без узгаднення "ніводная галава на бок не сыдзе", запэўнівае старшыня Чашніцкага райвыканкама Аляксандр Быкаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.