У Мінску збіраюцца пабудаваць 20-кіламетровую веладарожку
![У Мінску збіраюцца пабудаваць 20-кіламетровую веладарожку](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/courier-1816281_1280.jpg.webp?itok=P7H12cwr)
У Мінску ў 2019 годзе збіраюцца пабудаваць 20-кіламетровую веладарожку. Яна будзе ісці ад Ташкенцкай вуліцы ў Чыжоўцы да Цнянскага вадасховішча ў Зялёным Лузе. Пра гэта агенцтву "Мінск-Навіны" паведаміла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Святлана Дзямешка. Паводле яе слоў, у наступным годзе пабудуюць яшчэ два ўчасткі: у парку Цівалі, працягласць — 1 км; невялікі ўчастак ад аквапарка "Лебядзіны" ў бок МКАД.
"Стратэгія развіцця веларуху ў Мінску такая, што ўвесь горад павінен быць "працяты" дарожкамі, — кажа чыноўніца. — А з часам плануем зрабіць і кальцавую для аматараў двухкалёснікаў і звязаць 5 паркаў горада. Атрымаецца своеасаблівая турысцка-рэкрэацыйная зона".