Вы тут

У Мінску затрымалі мастачку і аўтарку перформансаў Надзею Саяпіну

Надзея Саяпіна / facebook.com

7 верасня ў Мінску затрымалі мастачку Надзею Саяпіну, якая арганізоўвала перформанс "Здабытак" у галерэі "Арт-Беларусь" пасля адбіранняў карцін Белгазпрамбанка.

Яўген, малады чалавек мастачкі, расказвае Еўрарадыё, што супрацоўнікі міліцыі прыехалі да Надзеі дадому а 8-й раніцы:

— Яны сказалі, што затрымліваюць, прапанавалі азнаёміцца з матэрыяламі справы датычна ўдзелу ў несанкцыянаваных мітынгах. Надзею адвезлі ў Савецкае РУУС. Цяпер туды заехаў аўтазак, і мне сказалі, што яе перавозяць на Акрэсціна.

Затрымалі яе з прычыны таго, што яна мастак-акцыяніст і мае свой пункт гледжання на тое, што адбываецца ў краіне.

Нагадаем, 13 чэрвеня 2020 года мастацкая калекцыя Белгазпрамбанка была далучаная да крымінальнай справы і апячатаная. Надзея Саяпіна адгукнулася на гэтыя падзеі і прыдумала перформанс "Здабытак". Дзеячы культуры і мастацтва прымацавалі да сваіх спінаў рэпрадукцыі работ і на працягу некалькіх гадзін стаялі насупраць QR-кодаў на сценах.

Таксама Надзея публікавала на сваіх старонках у сацыяльных сетках арт-работы ў падтрымку мірных пратэстоўцаў у Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.