У Мінску зарэгістраваны выпадак адру

Ілюстрацыя з сайта healthwill.ru.

У Мінску зарэгістраваны выпадак адру. Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, гэта ўсяго толькі другі выпадак пранікнення віруса на тэрыторыю Беларусі ў гэтым годзе.

Паводле інфармацыі Еўрарадыё, на адзёр захварэў малады чалавек, які на мінулым тыдні вярнуўся з турыстычнай паездкі ў Інданезію. У цяперашні час ён шпіталізаваны.

Санэпідэмстанцыя горада Мінска адпрацоўвае кантакты няўдачлівага турыста.

Адзёр — смяротная хвароба. Яна з'яўляецца адной з самых заразных вірусных інфекцый, крыніцай якой з'яўляецца хворы чалавек. Перадача інфекцыі ажыццяўляецца паветрана-кропельным шляхам. Як правіла, хвароба працякае цяжка: з высокай тэмпературай, кашлем, шырокім сыпам і кан'юктывітам.

Лічыцца, што ў Беларусі адзёр пераможаны. У верасні 2016 года наша краіна атрымала сертыфікаты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя аб дакументальна засведчанай элімінацыі [знікненні выпадкаў захворвання на вялікай тэрыторыі. — Еўрарадыё] адру і краснухі. Тым не менш, час ад часу ў Беларусі адзначаюцца адзінкавыя выпадкі захворвання на адзёр.

У 2016 годзе такіх выпадкаў было зафіксавана 133, аднак толькі дзесяць хворых былі грамадзянамі нашай краіны. У чэрвені 2017 года медыкі давалі справаздачу, што за 5 месяцаў зафіксавалі толькі адзін выпадак адзёру.

Адзіны спосаб абароны ад адзёру — вакцынацыя. Па стане на сярэдзіну ліпеня 2017 года, у Беларусі вакцынацыю супраць адру прайшло 98% насельніцтва.