У Мінску за неаплату паслуг ЖКГ могуць выселіць 30 сем'яў

За неаплату спажытых жыллёва-камунальных паслуг у Мінску могуць быць выселены са сваіх кватэр 30 сем'яў. Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі ў сталічнай адміністрацыі галоўны бухгалтар упраўлення жыллёвай гаспадаркі Мінгарвыканкама Таццяна Жэбрун. Паводле яе слоў, "пакуль выселены толькі дзве сям'і". Летась з-за названай прычыны было выселена 14 сем'яў.

Выселеных неплацельшчыкаў магло б быць больш, калі б заканадаўства дазваляла прымяняць гэтую меру ў дачыненні да недзяржаўнага жылля, паколькі выселіць можна толькі з дзяржаўных кватэр, патлумачыла прадстаўнік Мінгарвыканкама.

Цяпер 80% жыллёвага фонду Мінска не належыць дзяржаве. Гэта дамы жыллёва-будаўнічых кааператываў, таварыствы ўласнікаў, прыватызаваныя кватэры.

У гэтых выпадках прымяняецца толькі адключэнне камунальных паслуг. Сёння ў больш чым сямі тысячах кватэр адключаны святло, вада, газ. Тэрмін няўплаты, што заканчваецца высяленнем, як правіла, перавышае шэсць месяцаў, а сумы складаюць ад 2 да 5 млн. рублёў. Агульная сума запазычанасці мінчан на гэты момант складае 10,2 млрд. рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі