У Мінску ў спёку ў зачыненай машыне памёр сабака

У Мінску ў спёку ў зачыненай машыне памёр сабака

У Мінску ў спёку ў зачыненай машыне памёр сабака. Здарэнне адбылося паміж 14-й і 15-й гадзінамі ў нядзелю, 13 жніўня. У той дзень была спёка (каля 31 градуса цяпла, у зачыненым аўтамабілі — 40 і больш). Аўтамабіль быў прыпаркаваны каля галоўнага ўваходу ў супермаркет “Прастор” ў Шабанах. Гаспадары пакінулі сабаку ў зачыненай машыне, а самі пайшлі ў краму. Праз нейкі час шкло ў вокнах легкавіка запацела, сабака відавочна паміраў — упаў з сядзення на падлогу. Каля аўтамабіля сабраўся натоўп людзей, але ніхто не рашыўся разбіць шкло. Відавочцы спрабавалі знайсці гаспадароў жывёлы ў супермаркеце праз аб’явы па радыё, званілі ў міліцыю і ратавальнікам.

Як піша сайт egida.by, міліцыя не прыехала (мінская міліцыя гэта абвяргае і тлумачыць сітуацыю), а МНС рэагаваць адмовілася. Калі ж гаспадары прыйшлі, сабака ўжо памёр. Відавочцы здарэння, беларусы і расіянін, былі ўражаныя бяздзейнасцю і стаўленнем да жывёл афіцыйных службаў. Яны напісалі зварот у пракуратуру і ў прыёмную кіраўніка дзяржавы. Арганізацыя абаронцаў жывёл “Эгіда” звярнулася з заявай у міліцыю, просіць знайсці гаспадароў аўтамабіля і прыцягнуць іх да адказнасці. Іншая заява была накіравана ў пракуратуру.

Гаспадароў сабакі плануецца прыцягнуць па артыкуле 15.44 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях "Жорсткае абыходжанне з жывёламі, што пацягнула іх гібель або калецтва". Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ад 10 да 30 базавых велічыняў (230-690 рублёў), ці адміністрацыйны арышт.

Старшыня Таварыства абароны жывёл "Эгіда" Вераніка Ханцэвіч у каментарыі Еўрарадыё не прыгадвае выпадкаў, калі людзі, якія бачаць жывёлу, зачыненую ў машыне, бралі на сябе адказнасць і наважваліся разбіць шкло. Бо баяцца пераследу ад гаспадароў машыны.

"Хутчэй за ўсё гэта будзе псаванне маёмасці, — гаворыць Вераніка. — Але ў гэтым выпадку вельмі шмат залежала б ад следчага, якому трапілася б гэтая справа. Нехта расцаніў бы гэта, як псаванне маёмасці, але ў неабходных мэтах, а нехта іначай. Таму тут вельмі шмат залежыць ад нашых праваахоўнікаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі