Вы тут

Міліцыя пракаментавала сітуацыю з гібеллю сабакі ў зачыненым аўтамабілі

Фота: Fotolia

Мінская міліцыя пракаментавала сітуацыю з гібеллю сабакі ў зачыненым аўтамабілі. Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося ўдзень 13 жніўня каля супермаркета ў мікрараёне Шабаны. Гаспадары пакінулі сабаку ў зачыненай машыне, а была спёка. Праз нейкі час людзі пабачылі, што жывёла памірае. Разбіць шкло ніхто не рашыўся, праз радыё у супермаркеце пачалі шукаць гаспадароў легкавіка. Абаронцы жывёлаў сцвярджаюць, што міліцыя на выклік, нібыта, не прыехала, а ратавальнікі рэагаваць адмовіліся. Калі гаспадары сабакі нарэшце прыйшлі, ён ужо быў мёртвы. Некалькі відавочцаў здарэння, а таксама прадстаўнікі арганізацыі абаронцаў жывёл “Эгіда” збіраюцца прыцягнуць да адказнасці гаспадароў сабакі. Яны выказвалі нараканні на адрас службаў, якія аператыўна не адрэагавалі на звароты.

Прэс-служба мінскай міліцыі сцвярджае, што насамрэч грамадзяне звярнуліся не ў міліцыю, а да ахоўніка гандлёвага аб’екта. Ён і патэлефанаваў на “102” і распавёў пра здарэнне (слухай аўдыёзапіс размовы). Яго паведамленне было прынятае ў 14.34, а ў 14.37 з ахоўнікам звязаліся супрацоўнікі аператыўна-дзяжурнай службы. Ім паведамілі, што дапамога ўжо не патрабуецца: гаспадароў знайшлі, машыну адчынілі, але сабака ўжо быў мёртвы. Такім чынам, патрэбы ў выездзе міліцыі не было.