У Мінску прайшла акцыя салідарнасці з палітвязнямі

Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі, што пачалася а 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы сталіцы, завяршылася ў скверы на вуліцы Грыбаедава. У сквер удзельнікі акцыі прыйшлі ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцы.
З Кастрычніцкай плошчы маладых людзей (прыкладна 30 чалавек) выціснулі людзі ў цывільным, пасля таго як дэманстранты разгарнулі плакаты з партрэтамі Андрэя Клімава і Дзмітрыя Дашкевіча. Маладыя людзі рушылі па праспекце Незалежнасці ў бок рэстарана Макдональдс і паспрабавалі стаць ланцужком уздоўж праезнай часткі праспекта, аднак гэтыя спробы таксама былі спыненыя гэтымі ж людзьмі ў цывільным.


Тады ўдзельнікі акцыі прайшлі па вуліцы Леніна ў бок кафедральнага сабора, дзе селі на зямлю, счапілілі рукі і разгарнулі плакаты з партрэтамі палітзняволеных. У гэты час з'явіліся спецназаўцы, якія з прымяненнем сілы паднялі маладых людзей з асфальту. У гэты час невядомыя людзі ў цывільным перашкаджалі рабоце фотажурналістаў - закрывалі рукамі аб'ектывы і не давалі здымаць.

У выніку супрацоўнікі міліцыі выціснулі людзей на праспект Пераможцаў. Затым дэманстранты прайшлі па вуліцах Мельнікайтэ, Заслаўская, праспекце Машэрава і дайшлі да сквера на вуліцы Грыбаедава. Тут з імі міліцыянеры правялі тлумачальную размову, а затым запатрабавалі пакінуць месца. Паводле папярэдніх даных, ніхто з удзельнікаў акцыі затрыманы не быў.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі