Вы тут

У Мінску невядомы напаў на ЛГБТ-кампанію, адзін пацярпелы — у шпіталі

Мікалай Купрыч / svaboda.org

Рэжысёр і аператар дакументальнага кіно Мікалай Купрыч пацярпеў ад невядомага. Яго шпіталізавалі з чэрапна-мазгавой траўмай, у яго зламаны нос і буйныя гематомы, перадае Радыё "Свабода". 

Здарэнне адбылося ў ноч з 24-га на 25 жніўня на вуліцы Кастрычніцкай. Купрыч быў у ЛГБТ-кампаніі. Да яго падыйшоў незнаёмы хлопец, які стаў дапытвацца, ці не з'яўляецца рэжысёр прадстаўніком сексуальнай меншасці. 

Купрыч: «Ён падыходзіць і пытае: "Ты таксама п...р?" — Я кажу: "Якая табе розьніца, п...р я ці не?" — "Не, ты скажы канкрэтна: п...р ты ці не?" Я кажу: "Я ж не падыходжу да цябе і не пытаю, натурал ты ці не? Гамафоб ты, не гамафоб? Мяне гэта не цікавіць". Пасля ён яшчэ раз перапытвае: "Скажы канкрэтна!" Я кажу: "Ну добра, няхай я буду п....м, ок, і што далей?"»

Па словах Мікалая, сам ён гетэрасексуал, але падтрымлівае ЛГБТ-супольнасць, таму адказаў менавіта так. 

Рэжысёр кажа, што хлопец не выказваў відавочнай агрэсіі. Але потым ён нечакана падышоў са спіны і стукнуў Купрыча ў скронь. Ад удару той зваліўся тварам на асфальт. Ад удару Мікалай атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, у яго паламаны нос і буйныя гематомы. 

Перад гэтым невядомы хлопец ужо стукнуў двух сяброў Мікалая. Яны адышлі за паркоўку, а калі вярнуліся, то пабачылі збітага прыяцеля. Нападніка не было нідзе бачна. 

Мікалай Купрыч напісаў заяву ў міліцыю. 

Нагадаем, што самае гучнае злачынства супраць прадстаўнікоў ЛГБТ адбылося ў траўні 2014 года. Пры выхадзе з гей-вечарыны быў жорстка збіты Міхаіл Пішчэўскі. Ён прабыў у коме больш за год і потым памёр.