У Мінску на будоўлі "Алімпік Парка" жанчына залезла на кран (фота, відэа)

У Мінску на будоўлі "Алімпік Парка" жанчына залезла на кран (фота, відэа)

Да жанчыны падняліся некалькі чалавек, яны знялі сцяг і пачалі спускаць яе на зямлю па кране.

Раніцай 31 студзеня ў Мінску на будоўлі "Алімпік Парка" пенсіянерка залезла на вежавы кран. Яна патрабуе справядлівай кампенсацыі за знос свайго дома ў Лябяжым. Менавіта сёння сям'ю Галіны Ігнатовіч збіраліся прымусова высяліць судовыя выканаўцы. Зносіць дом будзе забудоўшчык "Тапас". Кампенсацыя, якую прапанавалі некалькім сем'ям (тры няновыя кватэры), людзей не задаволіла.

Ігнатовіч пагражае, што скочыць уніз з крана, калі не будзе забяспечаная кампенсацыя за дом, якая іх задаволіць. Свае патрабаванні яна пакінула ў пісьмовай форме.

На месцы знахозяцца сваякі жанчыны, журналісты, праваахоўнікі, медыкі. Ратавальнікі разгарнулі на зямлі надзіманую канструкцыю. Кіраўнік мінскай міліцыі Аляксандр Барсукоў паабяцаў Галіне Ігнатовіч, што ў выпадку, калі яна спусціцца з крана, ён асабіста завязе яе на перамовы са старшынёй Мінгарвыканкама Андрэем Шорцам.

Па словах сваякоў Галіны Ігнатовіч, пачалося ўсё 5 гадоў таму, калі дом згарэў. Ім сказалі ў гарвыканкаме, што зносіць нічога не будуць да 2030 года, таму яны адбудавалі дом наноў. А тры гады таму ім паведамілі, што дом будуць зносіць. Жанчына кажа, што злезе з крана, калі толькі ёй адкажа Шорац.

Як інфармавала Еўрарадыё, у красавіку 2016-га ў Мінску на рэканструкцыі стадыёна "Дынама" на вежавы кран залез 25-гадовы Дзмітрый Сталяроў з Віцебска. Ён патрабаваў выплаціць яму заробак. Мужчыну ўгаварылі спусціцца і адпусцілі дахаты. Пазней стала вядома, што яму выплочваюць заробак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі