У Мінску кандыдат ад апазіцыі патрабуе зняцця з выбараў кандыдата ад улады

У Мінску кандыдат ад апазіцыі патрабуе зняцця з выбараў кандыдата ад улады

На выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў першы скандал. Кандыдат у дэпутаты Мінгарсавета па Асаналіеўскай выбарчай акрузе №15 Дзяніс Ціханенка абвінавачвае свайго канкурэнта ў парушэнні выбарчага заканадаўства і патрабуе зняць таго з выбараў.

Пікантнасці сітуацыі дадае тое, што канкурэнт той “птушка высокага палёту” ― намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці і маркетынгу “Кераміна” Яўген Касцюкоў. Фактычна ― магчымы вылучэнец улады і самы імаверны прэтэндэнт на дэпутацкі мандат. Менавіта ён галоўны канкурэнт памочніка дэпутата парламента Ганны Канапацкай Дзяніса Ціханенкі.

На якой падставе Ціханенка патрабуе зняцця Касцюкова? На падставе інфармацыі пра выбарчыя фонды кандыдатаў, размешчанай на сайце ўчастковай выбарчай камісіі.

Дзяніс Ціханенка: “Паводле гэтай інфармацыі, мой канкурэнт Яўген Касцюкоў станам на 31 студзеня не патраціў ніводнага рубля са свайго выбарчага фонду. Але ўжо 25 студзеня ў выбарчай камісіі знаходзіліся ўзоры яго друкаванай прадукцыі. Сёння (1 лютага, ― Еўрарадыё) я прыйшоў у нашу выбарчую камісію, каб спраўдзіць інфармацыю па фондах. Высветлілі наступнае: 24 студзеня падраздзяленнямі “Беларусбанка” былі пададзеныя першыя звесткі аб стане рахункаў кандыдатаў. На гэтую дату расходаў у майго канкурэнта не было. Наступную справаздачу банкі падалі ў камісію 31 студзеня. І так, у графе “агульная сума патрачаных сродкаў” у Касцюкова зноў пазначаны нуль”.

Кандыдат Ціханенка задаецца не рытарычным пытаннем: “За якія грошы кандыдат Касцюкоў надрукаваў свае агітацыйныя матэрыялы?”. Адказ знаходзіцца раніцай 1 лютага на тым жа сайце ўчастковай камісіі. Нечакана высвятляецца, што намеснік дырэктара “Кераміна” грошы са свайго фонду патраціў ― 570 рублёў і 5 капеек.

Тое, што грошы за ўлёткі прыйшлі з выбарчага фонду кандыдата Касцюкова пацвярджае і дырэктар паліграфічнага цэнтра “Кастрычніцкі” Уладзімір Уладзіміравіч.

“Відавочна, што нейкая памылка не сайце, бо па дакументах банкаўскіх усё правільна прайшло. Нам пералічыў банк сродкі з выбарчага фонду кандыдата. Інакш дзейнічаць мы і не маглі, бо гэта было б парушэннем выбарчага заканадаўства”.

Еўрарадыё: І гэта была менавіта перадаплата?

Уладзімір Уладзіміравіч: Менавіта. І мне цікава, хто кажа, што было неяк інакш?

Толькі Дзяніс Ціханека ўпэўнены, што “было неяк інакш”.

“Па інфармацыі аднаго з сяброў камісіі, у перыяд з 25 па 31 студзеня кандыдат Касцюкоў пералічыў грошы ў адпаведную друкарню. Але выбарчае заканадаўства сцвярджае, што любыя друкаваныя матэрыялы павінны вырабляцца па папярэдняй аплаце. Я бачыў улёткі Касцюкова ў выбарчай камісіі а 10-й гадзіне раніцы. Нават калі ён пералічыў грошы 25 чысла, то калі яму па перадаплаце паспелі наклад надрукаваць? Не мог. А гэта значнае парушэннем заканадаўства”, ― кажа кандыдат у дэпутаты.

Дарэчы, на пытанне Еўрарадыё, калі дакладна быў надрукаваны ўвесь наклад агітацыйных улётак Яўгена Касцюкова і калі ім прыйшла за іх перадаплата з банка, дырэктар паліграфічнага цэнтра “Кастрычніцкі” не адказвае. Спасылаецца на тое, што не мае пад рукой неабходных дакументаў.

Фота са старонкі ў Фэйсбуку Дзяніса Ціханенкі і скрыншот з сайта okt.minsk.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі