У Мінску хочуць памяняць помнік Леніна на помнік Еўфрасінні Полацкай

Беларускія гісторыкі хочуць замяніць камуністычныя помнікі на скульптуры нацыянальных дзеячаў. З такой прапановай яны звярнуліся да кіраўніка прэзідэнцкай Адміністрацыі Ўладзіміра Макея.  Ініцыятарамі звароту выступілі Ігар Лялькоў і Іван Лагвіновіч. Пад зваротам таксама падпісаліся каля ста грамадзянаў Беларусі. Яны сцвярджаюць, што ў незалежнай Беларусі больш за палову помнікаў на вуліцах і плошчах гарадоў прысвячаюцца рэвалюцыйным дзеячам Расіі. А вось помнікаў дзеячам беларускай гісторыі і культуры няма.

Тое, што Ленін і іншыя бальшавіцкія дзеячы спрычыніліся да ўтварэння БССР і іншых падзеяў нашай гісторыі, ініцыятараў звароту не бянтэжыць. У каментары Еўрарадыё Ігар Лялькоў адзначыў, што ў Беларусі мусяць найперш стаяць помнікі дзеячам уласна беларускай гісторыі і культуры:

Лялькоў: Тых, хто праязджаў праз Беларусь, ці тых, хто нейкім чынам не будучы беларусам, не будучы ў Беларусі, спрычыніўся да гісторыі Беларусі, — такіх асобаў дастаткова шмат, калі браць гісторыю. Пэўным чынам да гісторыі Беларусі маглі спрычыніцца Сталін, і Пілсудскі, і Гітлер, і яшчэ шмат якіх гістарычных перасанажаў.

На думку гісторыка, на плошчы Незалежнасці ў Мінску павінна стаяць скульптура святой Еўфрасінні Полацкай — хрысціянскай заступніцы Беларусі. У іншых гарадах і мястэчках помнікі мусяць быць суаднесеныя з мясцовай гісторыяй.

Асноўнай нагодай для звароту стаў указ кіраўніка Беларусі “Аб абвяшчэнні 2009 года Годам роднай зямлі”. Разгледзець яго ініцыятары прапануюць на бліжэйшым паседжанні Грамадска-кансультацыйнага савету пры Адміністрацыі прэзідэнта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі