У Мінску будуць судзіць праграміста за стварэнне "пратэснага" софту

Акрамя стварэння софту мужчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах / ілюстрацыйнае фота pixabay.com​
Акрамя стварэння софту мужчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах / ілюстрацыйнае фота pixabay.com​

Справа праграміста, якога беларускія ўлады абвінавачваюць у стварэнні "дэструктыўнай" мабільнай праграмы, накіраваная ў суд. Пра гэта паведамляе Генеральная пракуратура.

Паводле версіі следства, 32-х гадовы мужчына ў верасні 2020 года распрацаваў софт, "з дапамогай якога распаўсюджваў інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных прадстаўнікоў улады, праваахоўных органаў і іншых асобаў". Акрамя таго, гэтая праграма дазваляла вызначаць вытворцаў тавараў па штрых-кодзе і падказвала, ці варта купляць у іх тавар.

Праграма Belscan была даступная ў сеціве для вольнай загрузкі. Акрамя таго праграміст удзельнічаў у пратэстах. У выніку яму выставілі абвінавачанні па пяці артыкулах КК РБ, у тым ліку па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый), ч. 6 арт. 16 (саўдзел у злачынстве) і ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці).

Дадамо, што мабільная праграма "Крама", якая дазваляла па штрых-кодзе вызначыць вытворцу тавараў і падавала інфармацыю, у якой ступені гэты выраб "фінансуе рэжым", распрацаваў Сяргей Кастрама. Ён жыве за мяжой.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі